Сямейны капітал дазволена траціць датэрмінова на новыя мэты
Шматдзетная сям'я, ілюстрацыйнае фота / Depositphotos
Аляксандр Лукашэнка ў аўторак падпісаў указ № 389, які пашырае магчымасці для датэрміновага выкарыстання сямейнага капіталу, паведамляе прэс-служба Лукашэнкі.
Дакумент дазваляе з 1 студзеня 2022 года датэрмінова выдаткоўваць сямейны капітал на паляпшэнне жыллёвых умоў. У першую чаргу, купляць долю жылля, у выніку чаго шматдзетная сям'я становіцца ўласнікам усяго дома або кватэры, і пагашаць пазыкі, якія член сям'і атрымаў па месцы працы на будаўніцтва або куплю жылля.
Сямейны капітал таксама можна будзе датэрмінова выкарыстоўваць на тое, каб купляць медыцынскія тавары інвалідам і непаўналетнім дзецям-інвалідам з парушэннямі органаў зроку, апорна-рухальнага апарата, атрымліваць адукацыю ў ВНУ і ССНУ спажывецкай кааперацыі і ВНУ Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.
Як паведамляла Еўрарадыё, сямейны капітал прызначаецца пры нараджэнні або ўсынаўленні трэцяга і наступных дзяцей. Да 2020 года на спецыяльны рахунак бацькам пераводзілі 10 тысяч долараў. Другі год сямейны капітал прызначаюць у рублях.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.