Сяргей Ціханоўскі зноў трапіў у карцар — за тое, што не пагаліўся
Блогер Сяргей Ціханоўскі ў СІЗА №1 зноў трапіў у карцар. На гэты раз прычынай стала тое, што ён не пагаліўся, кажа яго жонка Святлана Ціханоўская, якая вылучаецца на пасаду прэзідэнта.
Блогер апынуўся ў карцары 10 ліпеня. Гэта адбылося на наступны дзень пасля суда, дзе разглядалася яго скарга за змяшчэнне ў карцар папярэднія два разы. Дарэчы, раней Ціханоўскага каралі за тое, што сядзеў на прываконні, і за тое, што пад трохметровай столлю ў камеры ў яго выявілі павуцінне.
"Пакуль кажуць, што ён там прабудзе да аўторка, 14 ліпеня. Выйдзе ён у сераду або не, мы не ведаем. У яго на гэты момант пяць спагнанняў: папярэджанне, вымова і тры разы змяшчэнне ў карцэр. За што яму выносілі папярэджанне і вымову, я не ведаю. У судзе супрацоўнікі СІЗА казалі, што ні павуцінне, ні негаленне — гэта не самі парушэнні, за якія чалавека саджаюць у карцэр, а тое, што яны паўторныя. Гэта значыць, не пагаліўся — табе папярэджанне, два папярэджанні — падстава для змяшчэння чалавека ў карцар", — пераказвае TUT.by словы Ціханоўскай.
Яна пры гэтым адзначыла, што Сяргей трымаецца мужна, духам не падае і вельмі дзякуе людзям за падтрымку ў выглядзе лістоў.
Пасля выхаду з карцара, як даведаўся адвакат блогера Віктар Мацкевіч, адміністрацыя СІЗА распаўсюдзіла звесткі пра так званы нізкі сацыяльны статус Ціханоўскага. Праз гэта зняволеныя ў яго ранейшай камеры адмовіліся з ім быць разам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.