Святлана Ціханоўская пра адносіны з Сяргеем: Ягоныя катлеты цяпер лепшыя за мае

Святлана Ціханоўская

Святлана Ціханоўская / Скрыншот

Святлана Ціханоўская шчыра расказала пра вяртанне свайго мужа ў сям'ю пасля пяці гадоў зняволення. У інтэрв'ю брытанскаму Times Radio лідарка дэмсілаў заявіла, што Сяргей Ціханоўскі цяпер у ЗША разам з дзецьмі — наганяе з імі страчаны час, вучыць англійскую і... вучыцца гатаваць!

— Не ведаю, ці задаволены [ён такім станам справаў], — расказвае Ціханоўская. — Гэта была яго прапанова — бавіць больш часу з дзецьмі. Я яму за гэта ўдзячная, бо мне таксама была патрэбная перадышка. Усе гэтыя гады я была як ламавік: палітыка, вяртанне дадому, роля маці, урокі з дзецьмі. Мне патрэбны быў хоць невялікі адпачынак.

Яму таксама няпроста — гатаваць, дапамагаць з хатнімі заданнямі. Але ён спраўляецца.

— Ці ўмее ён гатаваць? — запыталася вядоўца.

— Вядома не ўмеў, бо побач была хатняя гаспадыня з катлетамі... Разумееце, пра што я?

— Ці ўмее ён рабіць катлеты?

— Ягоныя катлеты цяпер лепшыя за мае, — адказала Святлана Ціханоўская.

Яна дадала, што пары трэба было абвыкаць адно да аднога нанова: "Ён быў крыху расчараваны, што беларусы цяпер не такія актыўныя, як у 2020-м. Спатрэбіліся гадзіны тлумачэнняў і размоваў пра тое, чаму сітуацыя змянілася".

— І гэта было, думаю, значна цяжэй менавіта для мужа, — удакладніла Святлана Ціханоўская. — У 2020-м ён быў лідарам, рухавіком народнага паўстання. А выйшаў на волю — і зразумеў, што жонка, якую ён пакінуў хатняй гаспадыняй, цяпер вядомая фігура ў палітычным свеце, ведае, як сябе паводзіць. Яму, магчыма, было крыху няёмка.

— Але вы ўсё яшчэ разам? — перапытала вядоўца.

— Вядома, так.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.