“Таксіст так лаяўся!”: як дзяўчына ўвесь красавік ездзіла па Гомелі на ровары
Ірына Пазняк — гомельская раварыстка, якая сёлета ўпершыню далучылася да акцыі “30 дзён на ровары”. Увесь красавік дзяўчына штодня ездзіла на ровары па Гомелі.
За гэты час яна пабачыла шмат прыгожага — ровар дазваляе звярнуць увагу на дэталі, недасяжныя з-за шкла аўтамабіля. Але здараліся і непрыемныя выпадкі.
– Я веру ў людзей праз неабыякавых раварыстаў. Адным днём у мяне зляцеў ланцуг. Я, вядома, вырашыла, што ўсё зламалася, і пайшла пешшу, кацячы ровар побач. Але міма праязджаў рыцар з інструментамі і адрамантаваў мой ровар. Заадное я падгледзела, як ставіць ланцуг на месца.
Напрыканцы красавіка ў Ірыны ўвогуле здарыўся жахлівы дзень.
– Мне даўно не было гэтак страшна: я ледзьве з’ехала ад двух сабакаў, чые зубы ўжо клацалі каля маіх пятак. Потым дзеці зарадзілі па ровары мячом: добра, што ён трапіў у кола перпендыкулярна і адскочыў. Нарэшце, калі я ўжо дабралася да свайго двара, наўпрост пад кола імкліва скочыла котка. Але ж у маёй душы жыве бунтарскі дух!
Каралева дажджу
У Ірыны не зусім звычайнае для раварысткі стаўленне да надвор’я: дзяўчына любіць катацца ў дождж. У красавіку 2021 года гэта дужа дапамагала не адмовіцца ад акцыі і ўсё ж выбірацца з дому на ровары кожны дзень.
– Вядома, калі гэта не залева з ветрам, а проста: кап-кап, як у гэтым красавіку здаралася не раз. Спакойна ездзіць я не ўмею, а па мокрым асфальце ровар едзе значна шпарчэй. Тармазіць, праўда, нашмат складаней – але я ўжо звыклася. У вечаровых шпацырах пад дажджом ёсць штосьці задумліва-мройнае.
З кіроўцамі прасцей, чым з дзецьмі
За месяц у раварысткі перыядычна ўзнікалі спрэчкі з іншымі ўдзельнікамі руху. Ірыну яны дужа засмучалі.
— Я баюся праязджаць побач з пажылымі. Аднойчы дзядуля, які крочыў насустрач, штурхнуў мяне локцем, і я ўляцела ў плот. Я ехала не хутка, бо там было вузкае месца, але мы лёгка маглі размінуцца.
Яшчэ больш напружання выклікаюць у раварысткі дзеці і падлеткі. А яна — у іх.
– Аднойчы мне ледзь "не пашанцавала" сутыкнуцца з дзяўчынкай. Абышлося без наезду, бо я паспела затармазіць. Я спускалася з моста і пасігналіла дзецям, якія ішлі ў тым жа кірунку. Дзеці азірнуліся, заўважылі мяне і разышліся ў розныя бакі: хлопчыкі направа, дзяўчынка налева.
Я планавала праехаць пасярэдзіне, але на паўдарозе дзяўчынка раптоўна вырашыла далучыцца да сябрукоў. Я зрэагавала, звярнуўшы ўлева, але тут дзяўчынка перадумала і захацела вярнуцца ў ранейшае месца. Тут мы і сустрэліся. Ад бяды дзяўчынку ўратавала мая рэакцыя.
Нягледзячы на гэты выпадак, Ірына не згодная, што дзяўчаты прымаюць рашэнні павольней за хлапцоў.
— Перыядычна я сустракаю пары, калі пасля майго папераджальнага званка дзяўчына спакойна збочвае, а хлопец працягвае ісці пасярэдзіне ці ўвогуле кідаецца ў роздумах.
Я амаль не карыстаюся званком, бо пешаходы звычайна расступаюцца самі. А на пад’ездзе да прыпынкаў кіроўцы аўтобусаў і тралейбусаў не адчыняюць дзверы, пакуль я не праеду. Гэта зручна: не трэба лавіраваць сярод натоўпу.
А кіроўцы аўтамабіляў настойліва прапускаюць мяне на пераходах, нават калі я яшчэ не даехала і паказваю, што не паспяваю, пачакаю. Бываюць і аўтамабілісты, якія мэтанакіравана ідуць на таран, але такіх меншасць.
Запомнілася пару выпадкаў, калі я пераязджала пераход на ровары. Таксіст лаяўся так, што было чуваць нават праз закрытыя вокны! А іншым разам мужчына спыніўся, выйшаў з машыны і крыкнуў, што так мяне калі-небудзь саб’юць.
Суцэльная эканомія
Ровар прывучае Ірыну Пазняк да дысцыпліны насуперак прозвішчу, пасміхаецца дзяўчына.
— Калі я пачала ездзіць на ровары, даводзілася ўкладваць сябе спаць раней, а раніцай раней паднімацца, бо на ровары паездка часам займае больш часу, чым на транспарце. Спазняцца я, на жаль, пакуль не перастала. Аднойчы нават прапусціла цягнік — дзіўна, што толькі адзін раз. Аднак цяпер я раблю гэта ў разумных межах і з карысцю для здароўя.
Па падліках Ірыны, ровар дапамагае эканоміць час і грошы.
— Я жыву на Валатаве — гэта маляўнічы мікрараён побач з аднайменным возерам, але ўскраіна Гомеля. Таму калі я еду на грамадскім транспарце, дабірацца ў месца прызначэння даводзіцца з перасадкамі. А на ровары атрымліваецца хутчэй, камфортней улетку па свежым паветры і незалежна ад раскладу маршрутаў. А яшчэ можна абраць шлях праз зялёную зону, а не па пыльнай вуліцы.
Мой ровар танны, ён даўно акупіўся эканоміяй на праездзе. Што праўда, напачатку, калі я прабівала колы, — не падазравала, што камеру можна заклеіць, і купляла новую. Але з часам я навучылася ездзіць акуратней, а бардзюры адрамантавалі. Цяпер я выдаткоўваю грошы толькі на дэталі, якія самі адвальваюцца: напрыклад, педаль.
Інфраструктура для раварыстаў далёкая ад ідэалу
Каб вам не падавалася, што на ровары можна пераехаць у нейкію іншую, ідэальную Беларусь — абавязковы пункт пра стан дарог і ходнікаў. Ірына кажа, што ёсць адрэзкі, дзе прасцей праехаць побач з ходнікамі па зямлі, настолькі яны разбітыя. І, мяркуючы па тым, як там вытаптаная трава, так робіць не яна адна.
Без гэтых уражанняў расповед пра “30 дзён на ровары” быў бы няпоўны. Але, нягледзячы на ўсе недахопы, па вясне Ірына Пазняк не аддае перавагу іншым відам транспарту.
– Люблю ездзіць знаёмымі маршрутамі, дзе ведаеш кожную ямку, бардзюр, купіну, шурпаты асфальт і месцы, адкуль могуць выскачыць пешаходы ці машыны. Едзеш ненапружана… Але прага прыгодаў заўсёды кліча ў нязведаныя краі!
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.