Топ-5: навіны 23 траўня
Паротнікаў: Правакацыі падчас вучэнняў магчымыя, але не расійская агрэсія
Расія плануе ўвесці на тэрыторыю Беларусі 200 тысяч вайскоўцаў. Гэта адбудзецца падчас вераснёўскіх расійска-беларускіх ваенных вучэнняў “Захад-2017”. Пра гэта заявіў экс-дарадца Уладзіміра Пуціна Андрэй Іларыёнаў.
На яго думку, такі крок можа стаць пачаткам гібрыднай агрэсіі Расіі супраць Беларусі.
Еўрарадыё высветліла, наколькі рэальны такі прагноз вядомага расійскага эксперта.
Сталі вядомыя падрабязнасці гучнага інцыдэнта з новым мэрам Оршы Леанідам Пянькоўскім, да якога ўварваліся сілавікі.
Высветлілася, што чыноўніка не маглі знайсці на працы, таму вырашылі праверыць, дзе ён знаходзіцца. Апынулася, што ён быў у сваім доме, а на працу не выходзіў, бо дрэнна сябе адчуваў.
У сваю чаргу, на дзеянні праваахоўнікаў сур’ёзна абурыўся Аляксандр Лукашэнка. Ён заявіў, што сілавікі не маюць права абшукваць людзей, якіх прызначае кіраўнік краіны.
Былы намеснік старшыні Руху “За Свабоду” Алесь Лагвінец, стварае новы грамадскі рух, які атрымаў назву “Дзея”.
Па словах палітыка, такая ідэя з’явілася ў яго і шэрагу паплечнікаў яшчэ ў студзені бягучага года. А 20 траўня заснавальнікі новага грамадскага руху правялі свой устаноўчы сход.
Лагвінец кажа, што цяпер у іх ёсць тры тыдні на падрыхтоўку і падачу дакументаў на рэгістрацыю ініцыятывы.
Максімальная розніца паміж жаночымі і мужчынскімі заробкамі ў Беларусі назіраецца ў IT-сферы. Пра гэта паведамляе Белстат.
Жанчыны ў гэтай галіне атрымліваюць амаль на 40% менш за мужчын. У абсалютных лічбах гэтая розніца складае прыкладна 1300 рублёў. І гэта пры тым, што доля жанчын у IT-сферы складае больш за траціну.
Італьянскі журналіст Тамаза Дэбенедэці, які запусціў фэйк пра смерць Святланы Алексіевіч, растлумачыў, навошта ён гэта зрабіў.
Акрамя таго, у эксклюзіўным інтэрв’ю Еўрарадыё рэпарцёр распавёў, чым яго прываблівае беларуская пісьменніца і чаму ён лічыць Святлану Алексіевіч прыкладам мужнасці.