Топ за тыдзень: Расія плануе ўвесці 200 тысяч вайскоўцаў у Беларусь?
Паротнікаў: Правакацыі падчас вучэнняў магчымыя, але не расійская агрэсія
Расія плануе ўвесці на тэрыторыю Беларусі 200 тысяч вайскоўцаў. Гэта адбудзецца падчас вераснёўскіх расійска-беларускіх ваенных вучэнняў “Захад-2017”. Пра гэта заявіў экс-дарадца Уладзіміра Пуціна Андрэй Іларыёнаў.
На яго думку, такі крок можа стаць пачаткам гібрыднай агрэсіі Расіі супраць Беларусі.
Еўрарадыё высветліла, наколькі рэальны такі прагноз вядомага расійскага эксперта.
Фігурант “справы патрыётаў” Яўген Палтаржыцкі пераведзены пад хатні арышт. Цягам двух месяцаў ён знаходзіўся ў следчым ізалятары КДБ.
Па словах бацькі хлопца, з сынам ён змог паразмаўляць усяго 30 хвілін, і той прынцыпова адмовіўся казаць хоць нешта, датычнае яго справы.
Нагадаем, што маладога чалавека затрымалі 21 сакавіка. Спачатку хлопца вінавацілі ў падрыхтоўцы “масавых беспарадкаў”, пазней да гэтага дадалося яшчэ і стварэнне “незаконнага ўзброенага фармавання”.
82% школ будуць пачынаць заняткі ў 9:00. Пра гэтаў пятніцу заявіў міністр адукацыі Ігар Карпенка. Для гэтага новаўвядзення чыноўнікі нават перапісалі санітарныя нормы.
Ініцыятарам школьнай рэформы стаў Аляксандр Лукашэнка, які нядаўна заявіў, што яго сын не высыпаецца з-за таго, што ўрокі пачынаюцца а 8-й раніцы і на першых занятках ён сядзіць сонны.
Тым часам у пятніцу стала вядома, што Мікалай Лукашэнка рэзка змяніў сваё меркаванне. Па яго словах, не варта пераносіць пачатак урокаў на гадзіну пазней, бо гэта будзе нязручна.
У Беларусі створаць цэнтралізаваную сістэму відэаманіторынгу. Адпаведны ўказ у пятніцу падпісаў Аляксандр Лукашэнка.
Адзначаецца, што асноўнай задачай новай сістэмы стане назіранне за грамадскай бяспекай. Афіцыйна заяўляецца, што гэта робіцца, каб забяспечыць грамадскі парадак. Таксама плануецца стварыць відэаархіў, у якім можна будзе шукацьнеабходную інфармацыю.
Сістэма відэаназірання будзе аўтаматычна інфармаваць дзяржаўныя органы пра любыя здарэнні. А каардынаваць усю працу будзе Міністэрства ўнутраных спраў.
Аляксандр Лукашэнка назваў хакей ідэалогіяй беларускай дзяржавы. Такая заява прагучала 25 траўня на нарадзе, прысвечанай беларускаму хакею. На ёй кіраўнік Беларусі рэзка раскрытыкаваў гульню айчыннай зборнай на чэмпіянаце свету.
Аляксандр Лукашэнка заклікаў плаціць вялікія грошы хакеістам толькі за канкрэтны вынік, а вось авансаванне зрабіць на мінімальным узроўні. Па словах кіраўніка дзяржавы, на развіццё хакея ідзе 18% ад усіх выдаткаў на фізкультуру і спорт у Беларусі, таму гэтыя грошы мусяць прыносіць аддачу.