У Баранавічах па хатах выбарцы галасавалі па два чалавекі за хвіліну
Грамадскі актывіст з Баранавіч Віктар Сырыца, які быў назіральнікам на выбарах у мясцовыя саветы, звярнуўся ў пракуратуру.
Ён і просіць разабрацца, як за тры гадзіны два чалавекі са скрыняй для галасавання змаглі абысці больш за 400 чалавек “па месцы знаходжання”.
На выбарчым участку №49, які месціўся ў школе № 21, прагаласавалі, згодна з пратаколам, каля 1500 чалавек, з іх 403 — па месцы жыхарства. Гэта 26,5%. Між тым, раней па дамах галасавалі хіба да 80 выбарцаў.
Да таго ж, кажа назіральнік, перасоўная скрыня для галасавання большую частку часу, адведзенага для працэдуры, знаходзілася на ўчастку. Тым не менш, два чалавекі, “замацаваныя” за ёй, паспелі за тры гадзіны абысці ў дамах 400 знямоглых і хворых людзей, пагутарыць з імі і даць ім магчымасць прагаласаваць.
Віктар Сырыца: "Яны некалькі разоў хадзілі, але не надоўга — хай на гадзіну яны сыходзілі... Потым прыходзілі — яна стаяла, скрыня гэтая. Бралі зноў на гадзіну і сыходзілі. Як можна за тры гадзіны сабраць 403 подпісы?"
На думку актывіста, адбывалася ўкідванне бюлетэняў, каб узняць яўку выбарцаў. Віктар Сырыца просіць пракурора праверыць факты і даць адказ. Акрамя таго, ён рыхтуе скаргу ў Цэнтравыбаркам.
Фота — intex-press.by