ТБМ упарадкавала помнікі беларускім паўстанцам пад Мілавідамі

Некалькі месяцаў таму ля помнікаў паўстанцам 1863 года пад вёскай Мілавіды ў Баранавіцкім раёне адбылася аўтамабільная аварыя. Самі помнікі не былі пашкоджаныя, а вось зямля каля іх была ўзараная. Тэрыторыя таксама абрасла смеццем, бо вакол помнікаў актыўна вяліся лесанарыхтоўкі.

Актывісты Таварыства Беларускай Мовы вырашылі добраўпарадкаваць тэрыторыю і падалі подпісы ў Мілавідскі сельсавет, а таксама накіравалі ліст кіраўніцтву Баранавіцкага завода станкапрыладаў, каб тыя далі патрэбную тэхніку. Не дачакаўшыся дапамогі ад мясцовых уладаў і завода, жыхары Баранавіч самі ўзялі ў рукі рыдлёўкі і граблі ды паехалі прыбіраць тэрыторыю, расказвае старшыня ТБМ у Баранавічах Віктар Сірыца.

 "Мы шмат разоў пісалі ў Мілавідскі сельскі савет, прасілі адрамантаваць там помнікі, падправіць тэрыторыю. Але пакуль мясцовыя ўлады нічога не робяць. У нас цярпенне лопнула, мы сабралі людзей, селі на машыну, узялі лапаты, граблі і паехалі. Амаль дзве гадзіны працавалі, прыбралі смецце, параўнялі пляцоўку. Акультурылі тэрыторыю мілавідскіх помнікаў".

Калі пацяплее, сябры ТБМ з Баранавіч  плануюць яшчэ раз прыехаць да помнікаў і пасадзіць кветкі. На жаль, мясцовыя жыхары не далучаюцца да талакі, бо ў навакольных вёсках жывуць збольшага пенсіянеры, працягвае Віктар Сірыца.

"Мясцовыя жыхары ведаюць пра паўстанне, пра Кастуся Каліноўскага, пра Аляксандра Лянкевіча. Ад Мілавідаў у пяці кіламетрах бліжэйшая вёска Каўпакі, там адны старыя людзі жывуць, хто з іх пойдзе працаваць?

Нагадаем, што помнік паўстанцам ўсталявалі ў памяць пра бітву пад Мілавідамі, якая адбылася 22 траўня 1863 года. Рускія войскі пасля бітвы былі вымушаныя адступіць. Гэта была адна з найбуйнейшых бітваў падчас паўстання 1863 года ў Беларусі. Актывісты Таварыства Беларускай Мовы плануюць у гадавіну бітвы зладзіць фэст. Традыцыйна яго арганізоўваюць разам з Мілавідскім сельсаветам.

Рубрыка “Ты можаш” спецыяльна для праграмы Кардыяграма 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі