Жыхар Баранавічаў не можа абскардзіць штраф за мітынг, якога не было

Грамадскі актывіст Віктар Сырыца быў пакараны судом Баранавіцкага раёна за несанкцыянаванае мерапрыемства. Яго прызналі вінаватым у арганізацыі святкавання 150-х угодкаў са дня бітвы касінераў Каліноўскага пад Мілавідамі.

Са словаў праваабаронцы Уладзіміра Вялічкіна, актывіст атрымаў 2 мільёны штрафу фактычна з-за памылкі Баранавіцкага гарвыканкама. Кіраўніцтва раённага цэнтра ладзіла ў той дзень афіцыйнае мерапрыемства ля помніка Мілавідскай бітвы, у якім Віктар Сырыца разам са знаёмымі вырашыў таксама ўзяць удзел. У прызначаны ўладамі час святкавання Сырыца з сябрамі прыехалі ў Мілавіды, аднак на месцы нікога не было, акрамя аднаго міліцыянта. Як аказалася, мерапрыемства перанеслі, аднак аб гэтым загадзя ніяк не папярэдзілі. Прысутныя ўсклалі кветкі да помніка і раз'ехаліся. Расказвае праваабаронца Уладзімір Вялічкін:

"Супрацоўнік міліцыі бяздзейнічаў, але потым выказаў вялікую руплівасць — і склаў пратакол, у якім абвінаваціў Сырыцу ў правядзенні нейкага мітынгу. Само паняцце "мітынг" мае сэнс трохі большы, чым ускладанне кветак. Тут відавочная падмена паняццяў, якое зрабілі наша міліцыя і ўлады".

На разглядзе скаргі ў Брэсце суд абапіраўся выключна на паказанні маёра Куляшова, супрацоўніка Баранавіцкага раённага аддзела ўнутраных спраў. Суддзя, якая разглядала касацыйную скаргу, не прыняла да ўвагі акт, які падпісалі дзевяць чалавек.

"Суддзя Наталля Сурма нават узгадала некалькі разоў, што працэдуру трэба выконваць. Яна доўга слухала довады Сырыцы, а потым узяла са стала паперку і сказала пакінуць рашэнне папярэдняга суда без зменаў".

Рашэнне суда Брэсцкай вобласці Віктар Сырыца будзе абскарджваць у вышэйшай судовай інстанцыі. Калі і Вярхоўны суд не задаволіць скаргу, то ён мае намер звярнуцца ў Камітэт па правах чалавека ААН.

Рубрыка “Самаабарона” спецыяльна для праграмы “Кардыяграма” 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі