У Барысаве злавілі спайсавых мільянераў (відэа)
У групы барысаўчан канфіскавалі спайс на суму 1,8 мільёна долараў.
Як паведаміла прэс-служба мінскай абласной міліцыі, некалькі тыдняў барысаўская міліцыя звярнула ўвагу на трох мясцовых жыхароў. Двум з хлопцаў было 22, трэцяму — 23 гады. Па звестках міліцыянтаў, яны зараблялі дробнааптовым гандлем спайсамі.
Наркагандляроў затрымалі з дапамогай мінскіх міліцыянтаў і байцоў спецпадраздзялення "Алмаз". Праз некалькі дзён затрымалі чацвёртага ўдзельніка іх групы — 19-гадовага барысаўчаніна, які таксама нідзе не працаваў.
Падчас ператрусаў міліцыянты знайшлі 10 кг ўжо гатовага да ўжывання спайсу у выглядзе здробненай травы з наркотыкам, а таксама амаль 9 кг чыстага рэагента.
Па звестках міліцыі, наркагандляры разгарнулі сетку не толькі на Барысаўшчыне, але і прадавалі наркотыкі ў Маскве праз старонкі ў сацыяльных сетках. Расійскія міліцыянты канфіскавалі яшчэ 6,5 кг спайсу, які належыць затрыманай чацвёрцы.
Агулам колькасць канфіскаванага наркотыку склала больш за 150 тысяч разавых доз спайсу на суму каля 1,8 млн долараў.
Фота — novoerozhdenie.ru