У Беларусь прыбывае з візітам кіраўнік Рускай праваслаўнай царквы

20 чэрвеня каля 12-й гадзіны ў Нацыянальным аэрапорце "Мінск" прызямліцца самалёт з патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам.

Візіт кіраўніка Рускай праваслаўнай царквы прымеркаваны "да 1000-годдзя з дня спачыну святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра — хрысціцеля Русі, а таксама да святкавання памяці Сабора беларускіх святых і 70-гадовай гадавіны перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне".

У 14.30 патрыярх Кірыл ўскладзе вянок да абеліска на мінскай плошчы Перамогі.

А 17-й ён узначаліць служэнне ютрані ўсяночнага дбання ў Свята-Духавым кафедральным саборы на плошчы Свабоды.

У 18.45 у Верхнім горадзе з удзелам патрыярха Кірыла будзе ўрачыста адкрыты Духоўна-адукацыйны цэнтр Беларускай праваслаўнай царквы, перадае БелаПАН. У будынку размесцяцца Мінская духоўная акадэмія і профільныя структуры Беларускага экзархата.

Потым кіраўнік РПЦ адправіцца ў Брэст. Раніцай 21 чэрвеня ён адслужыць Боскую літургію ў Васкрасенскім саборы Брэста. А ў ноч з 21 на 22 чэрвеня патрыярх Маскоўскі правядзе памінальную ліцію па воінах-вызваліцелях у Мікалаеўскім гарнізонным саборы Брэсцкай крэпасці. Акрамя таго запланаваны ўдзел кіраўніка РПЦ у жалобным мітынгу-рэквіеме на плошчы Цырыманіялаў у крэпасці. Мітынг пачнецца а 4-й гадзіне раніцы, калі ў 1941 годзе пачалася Вялікая Айчынная вайна.

22 чэрвеня патрыярх Кірыл адбудзе ў Маскву.

Фота — pravmir.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі