У Беларусь прыязджае прадстаўніца АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ
Дунья Міятавіч наведае нашу краіну з афіцыйным візітам 3—5 чэрвеня.
3 чэрвеня Міятавіч прыме ўдзел у семінары-трэнінгу для беларускіх журналістаў на тэму развіцця інтэрнэт-СМІ і анлайн-журналістыкі.
Падчас візіту Міятавіч сустрэнецца з высокапастаўленымі беларускімі чыноўнікамі. У іх ліку называюцца міністр замежных спраў Уладзімір Макей і прадстаўнікі Адміністрацыі прэзідэнта, Палаты прадстаўнікоў, Вярхоўнага суда і Міністэрства інфармацыі.
Як інфармуе БелаПАН, у Міятавіч таксама запланаваныя сустрэчы з прадстаўнікамі Беларускай асацыяцыі журналістаў і Беларускага саюза журналістаў, журналістамі, актывістамі грамадзянскай супольнасці.
Апошні раз Міятавіч наведвала Беларусь у кастрычніку 2010 года. Яна хацела прыехаць у Мінск адразу пасля жорсткага разгону акцыі пратэсту 19 снежня 2010 года. Прадстаўніца АБСЕ двойчы звярталася з лістамі да тагачаснага кіраўніка МЗС Сяргея Мартынава з просьбай дапамагчы арганізаваць яе візіт у Мінск, аднак рэакцыі на яе лісты не было.
Увесь гэты час Міятавіч неаднаразова крытыкавала афіцыйны Мінск за сітуацыю са свабодай слова ў Беларусі і пераслед незалежных журналістаў.
Фота — svaboda.org