У Беларусі будуць прадаваць іранскія аўтамабілі
Седан Saipa Shahin / mag.auto.ru
На беларускім рынку з'явяцца іранскія аўтамабілі кампаніі Saipa. Пра гэта піша Av.by са спасылкай на прадстаўніка афіцыйнага дыстрыбутара "Сайпа" на тэрыторыі РФ і Рэспублікі Беларусь.
Кантракт ужо заключаны, зараз вырашаецца пытанне аб сертыфікацыі аўтамабіляў. Мяркуецца, што першыя аўто з'явяцца ў краіне праз тры месяцы. Пра цэны дылер абяцае расказаць бліжэй да старту продажаў. Вядома толькі, што на беларускі рынак мяркуецца выпусціць тры мадэлі: хэтчбэк Quik, а таксама седаны Teana і Shahin. Апошні па габарытах параўнальны з Kia Rio і Volkswagen Polo, адзначае рэсурс. Аўтамабіль абсталёўваецца турбіраваным 1,5-літровым рухавіком магутнасцю 110 сіл.
Кампанія Saipa была ўтворана ў 1965 годзе. Яна выпускала іншыя брэнды па ліцэнзіі: спачатку Citroen, затым Renault, Nissan, Kia і кітайскія мадэлі. У цяперашні час кампанія вырабляе ў асноўным карэйскія аўтамабілі, але адначасова распрацавала ўласны рухавік і мадэльны шэраг аўтамабіляў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.