У Беларусі дзяржпошліну збіраюцца адвязаць ад тэхагляду, рыхтуецца ўказ

У Беларусі дзяржпошліну збіраюцца адвязаць ад тэхагляду, рыхтуецца ўказ

У Беларусі для фізічных асоб дзяржпошліну збіраюцца адвязаць ад тэхагляду, інфармуе БЕЛТА. У Мінфіне рыхтуецца праект указу "Аб плаце за карыстанне аўтамабільнымі дарогамі і асобнымі элементамі вулічна-дарожнай сеткі". У ім прадугледжваецца магчымасць для аўтамабілістаў плаціць па месяцах. Цяпер жа дзяржпошліну неабходна плаціць за ўвесь перыяд дзеяння дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху. А гэта выклікала нараканні, асабліва пенсіянераў, якія нярэдка толькі сезонна карыстаюцца аўтамабілямі. Калі новаўвядзенне будзе прынятае, аўтамабілісты будуць плаціць па заяўным прынцыпе за перыяд, у які плануюць карыстацца машынай.

Калі ж кіроўцы карыстаюцца сваімі транспартнымі сродкамі на працягу ўсяго года, да ставак платы плануецца выкарыстоўваць паніжаючы каэфіцыент 0,8 (пры ўмове, што аплочваюцца адразу 12 месяцаў ці больш). Плаціць можна будзе праз сістэму АРІП, а таксама праз аддзяленні паштовай сувязі і праз касы банкаў. Тэрмін — не пазней апошняга дня месяца, у якім карысталіся аўтамабілем.

Мяркуецца, што дзеянне ўказа можа пачацца не раней за 1 студзеня 2020 года.

Як вядома, таксама разглядаўся варыянт аплаты дарожнага збору праз яго ўключэнне ў кошт паліва. Але ён не быў падтрыманы ў Адміністрацыі кіраўніка дзяржавы.

Улады пайшлі на падрыхтоўку новаўвядзення з-за таго, што беларусы масава ігнаравалі праходжанне тэхагляду, да якога была прывязана дзяржаўная пошліна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі