У Беларусі інтэрнэт хутчэй, чым у Егіпце, але павольней, чым у Тайландзе

Кампанія Akamai Technologies апублікавала рэйтынг хуткасці інтэрнэту ў розных краінах. Але Беларусі там не аказалася.

"У спіс уключаныя краіны, у якіх, як правіла, кампанія Akamai робіць бізнес. Вось чаму Беларусі няма ў спісе", — адказаў Еўрарадыё складальнік рэйтынга Дэвід Белсан.

Мы вырашылі палічыць сярэднюю хуткасць рознымі спосабамі.

1. Сярэдняя хуткасць, якую прапануюць правайдары

Беларуская кампанія “Белтэлекам” кажа, што не вядзе такую статыстыку, таму сярэдняй хуткасці не ведае. Пры гэтым на сваім сайце па некаторых тарыфах абяцае карыстальнікам хуткасць да 20 мбіт/с. Мінімальная хуткасць, якую byfly прапануе кліентам, каля 1 мбіт/с.

Так, у сярэднім атрымоўваем 10,5 мбіт/с, што зашмат. Бо паводле звестак Akamai такая хуткасць у Латвіі, якая на 5-м месцы ў сусветным рэйтынгу.

На першым месцы ў рэйтынгу — Паўднёвая Карэя (13,3 мбіт/с), на другім — Японія (12 мбіт/с), на трэцім — Швейцарыя (11 мбіт/с), на чацвёртым — Ганконг (10,8 мбіт/с).

Гэта сярэднія хуткасці, якія разлічваюцца на падставе ўсіх сярэдніх хуткасцяў злучэння кліентаў з розных краінаў з сэрвісамі кампаніі Akamai.

Кампанія разлічвае і сярэднія максімальныя хуткасці. Тут на першым месцы Ганконг з 65,1 мегабіта.

2. Колькі на кожнага карыстальніка знешняга шлюза?

На сённяшні дзень шырыня знешняга шлюза ў Беларусі складае 390 Гбіт/c. Карыстальнікаў інтэрнэту ў нас, паводле апошніх дадзеных даследчыкаў “Геміус”, 4 мільёны 85 тысяч, штодзень у сеціва выходзяць каля 3,88 мільёна чалавек. Атрымліваецца ўсяго па 100 кбіт/с на брата...

Але ж столькі выйдзе, толькі калі ўсе карыстальнікі палезуць пампаваць з інтэрнэту ў адзін момант.

3. Рэйтынг кампаніі Ookla

Многія карыстальнікі вымяраюць хуткасць інтэрнэту праз сайты SpeedTest і Pingtest. Гэтыя сайты складаюць рэйтынг хуткасці netindex, дзе мы і знаходзім Беларусь.

Згодна з рэйтынгам netindex, на сёння мы займаем 88-е месца ў свеце (гэта па выніках тэстаў больш за 900 тысяч унікальных IP-адрасоў з 24 верасня па 23 кастрычніка).

Сярэдняя хуткасць інтэрнэту ў нашай краіне, згодна з netindex, — 7,42 мбіт/с download і 5,74 мбіт/с upload.

4. Інтэрактыўная карта ад Akamai

Нечакана знаходзім сярэднюю хуткасць інтэрнэту ў Беларусі і на сайце Akamai ў інтэрактыўнай карце — 2,752 мбіт/с, а сярэдняя максімальная — 13 мбіт/с.

Так, паводле нашых разлікаў, сярэдняя хуткасць выйшла 10,5 мбіт/с па тарыфных планах, 100 кбіт/с — калі падзяліць шырыню знешняга шлюза на колькасць карыстальнікаў штодзень, 7,42 мбіт/с згодна з netindex і 2,752 мбіт/с на сайце Akamai.

Фото: obzory-gadjetov.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі