У Беларусі ўбачылі саву-бярозаўку, якую не заўважалі два гады
Сава-бярозаўка
У Беларусі ўбачылі саву-бярозаўку. Апошні раз гэтую птушку заўважалі ў нашай краіне два гады таму (рэдкіх птушак рэгулярна заўважаюць у РБ).
Як піша @wildlifebelarus, у нашай краіне сава-бярозаўка — вельмі рэдкая госця, бо гняздуецца ў таежнай зоне Еўропы і Азіі. Звычайна зімуе ў межах гнездавога арэала, але часам адлятае на поўдзень. У Беларусі яе рэгістравалі ўсяго каля 10 разоў (апошнія рэгістрацыі былі ў 2022 годзе). Памерам яна крыху большая за голуба.
Аднак 24 лістапада птушкары Мацвей Іхненка і Дзмітрый Чудзінаў убачылі саву-бярозаўку ў Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобласці. Яны заўважылі нейкую драпежную птушку, якая сядзела на дрэве пасярод поля, але не маглі яе разглядзець у бінокль (не было відаць галавы). Зрабілі некалькі здымкаў. "Вырашылі прагнаць фота праз нейрасетку. Вынік ашаламіў — сава-бярозаўка!", — кажа Чудзінаў. Арнітолагі гэта пацвердзілі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.