У Беларусі за год выявілі 57 тысяч новых выпадкаў анкалагічных захворванняў

Штогод выяўляюць на тысячу новых выпадкаў больш

Штогод выяўляюць на тысячу новых выпадкаў больш / pixabay.com

У Беларусі фіксуецца пастаянны рост анказахворванняў. За 2023 год выявілі 57 тысяч новых выпадкаў анкалагічных захворванняў. Пра гэта паведаміў дырэктар РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі Сяргей Палякоў.

"Паступова мы набліжаемся да 60000 пацыентаў, якія выяўляюцца штогод, — цытуе яго словы прэс-служба Мінаховы здароўя. — Гэта зноў выяўленыя пацыенты. Гэта досыць шмат...".

Палякоў звязвае рост анказахворванняў з тым, што "ранняя дыягностыка ў нашай краіне пастаўлена на дастаткова высокі ўзровень". У жанчын на першым месцы па распаўсюджанасці рак малочнай залозы, рак тоўстай кішкі і гінекалагічныя захворванні. У мужчын — рак прастаты, рак лёгкага і тоўстай кішкі.

Пры гэтым узровень смяротнасці практычна не мяняецца, кажа дырэктар РНПЦ. У 2023 годзе ў Беларусі ад раку памерлі 17 тысяч чалавек.

Раней у РБ выяўлялі каля 50 тысяч новых выпадкаў анкалагічных захворванняў. Штогод яны павялічваліся на тысячу. Вядома, што ў 2018-м зафіксавалі 52 тысячы, а ў 2019-м ужо 53 тысячы. У 2020-м на дыспансерным назіранні ў анколагаў было больш за 300 тысяч чалавек.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі