У Беларусі забаранілі расійскія пірожныя
Пірожнае "Картошка", ілюстрацыйнае фота
У Беларусь пад забарону тапілі некалькі відаў расійскага здобнага печыва. Гаворка ідзе пра "картошку" з Чалябінска і "арэшкі" з варанай згушчонкай з Пензы, паведамляецца ў рэестры небяспечнай прадукцыі.
Іх забаранілі ўвозіць і прадаваць на тэрыторыі краіны, бо прадукцыя не адпавядае тэхнічнаму рэгламенту Мытнага саюза ў пункце "патрабаванні бяспекі харчовых дабавак, араматызатараў і тэхналагічных дапаможных сродкаў".
Спецыялісты выявілі, што пры вырабе салодкіх "арэшкаў" пензенская фабрыка "Капітал" выкарыстала харчовую дабаўку — кансервант бензаат натрыю Е211. Пра гэта паведамляецц ў маркіроўцы. Між тым, гэтая дабаўка недапушчальная пры вытворчасці малаказмяшчальных прадуктаў і мучных кандытарскіх вырабаў.
А ў "картошцы" чалябінская фірма "Колас" ўжывала такую харчовую дабаўку, як кансервант сарбінавая кіслата (Е200). Пра гэта таксама паведамляецца ў маркіроўцы. Аднак пры максімальна дапушчальным узроўні ў 2 г/кг фірма ўжыла колькасць 2,4 г/кг, што ў 1,2 раза перавышае норму.
Забарона на ўвоз і продаж гэтых кандытарскіх вырабаў на тэрыторыі Беларусі набывае моц з 17 студзеня.
Раней, у снежні, у Беларусі забаранілі продаж расійскай грэчкі: яна занадта доўга варыцца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.