У беларускіх цягніках больш не захоўваюць "антыкавідную" рассадку

Інтэр'еры электрацягнікоў "Штадлер" / Фота: rw.by
Інтэр'еры электрацягнікоў "Штадлер" / Фота: rw.by

У Беларускай чыгунцы больш не захоўваюць "антыкавідную" рассадку. З 1 ліпеня ў купэ можна зноў ездзіць учацвярых, а ў электрычцы — купіць білеты на суседнія месцы.

БЧ увяла "шахматную" рассадку на фоне пандэміі каранавіруса — з 15 красавіка. Дыстанцыя паміж пасажырамі захоўвалася ў купэйных, плацкартных вагонах і ў вагонах з месцамі для сядзення. У адным купэ не магло ехаць больш за два пасажыры, а ў плацкарце — больш за тры ў адным адсеку. Выключэнне рабілася для тых, хто аформіў білеты ў адным заказе.

— З 1 ліпеня згодна з рашэннем Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь і Міністэрства транспарту і камунікацый спынена дзеянне рассадкі з улікам захавання пасажырамі сацыяльнай дыстанцыі, — расказалі Еўрарадыё ў прэс-службе БЧ.

Першапачаткова рассадку ўвялі на два тыдні — да пачатку траўня. Потым падоўжылі на месяц да канца траўня, а потым яшчэ два разы падаўжалі на два тыдні — да канца чэрвеня.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, сітуацыя з каранавірусам у Беларусі паляпшаецца. Ужо некалькі дзён фіксуецца менш за 200 новых выпадкаў за суткі. Аляксандр Лукашэнка нават заявіў, што краіна перамагла каранавірус. Аднак смяротнасць ад каранавіруса захоўваецца на ранейшым узроўні — ад 4 да 7 чалавек у дзень.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі