У цэнтры Мінска стралялі: Audi на расійскіх нумарах уцякала ад ДАІ (відэа)
Не менш за шэсць экіпажаў ДАІ ганяліся ў Мінску за "Аўдзі" з расійскімі нумарамі, піша tut.by. Даішнікі стралялі па ўцекачу, хаця пагоня ішла ў цэнтры горада пасярод дня.
Інцыдэнт здарыўся 18 верасня каля 15.20. Па словах відавочцаў, аўтамабілям ДАІ амаль удалося заблакаваць уцекача каля "Кароны", але той здолеў вырвацца, праехаўшы па газонах і тратуарах. "Інспектар ДАІ, нягледзячы на тое, што побач знаходзіліся людзі, пачаў страляць па колах", — распавёў журналістам сведка Уладзімір.
Відавочцы кажуць, што "Аўдзі" паехаў у напрамку вуліцы Прытыцкага і на вуліцы Жудро ўчыніў ДТЗ. Кіроўцу затрымалі.
Таксама ёсць звесткі, быццам пагоня за аўтамабілем ішла яшчэ ад Заслаўя.