У даменнай зоне .бел з'явіўся першы сайт
Cвабодная рэгістрацыя даменаў .бел для ўсіх жадаючых пачнецца толькі восенню.
Даменная зона ".бел" будзе на рускай і беларускай мовах з "Ў"
У інтэрнэце з'явіўся першы дамен з сімвалічнай назвай — домены.бел (яго беларускамоўнае люстэрка — дамены.бел). Там змешчаная інфармацыя пра парадак рэгістрацыі даменаў у беларускай кірылічнай зоне. Ужо ў бліжэйшы час пачнецца прыём заявак на прыярытэтную рэгістрацыю ад уладальнікаў тарговых марак і фірмовых найменняў юрыдычных асобаў. Гэты этап працягнецца тры месяцы, інфармуе партал tut.by. Мяркуецца, што ён стартуе з 1 сакавіка, дадае "Интерфакс-Запад".
Другі этап працягнецца 4 месяцы. Падчас яго будуць праходзіць дабрачынныя аўкцыёны. Любы жадаючы зможа купіць "прыгожыя" даменныя імёны. Атрыманыя сродкі пералічаць у дзіцячыя дамы. Толькі пасля гэтага стартуе свабодная рэгістрацыя даменаў .бел для ўсіх жадаючых. Мяркуецца, што гэта адбудзецца не раней за кастрычнік 2015 года.