У Дубровенскім інтэрнаце пабудавалі дом-трэнажор
З дапамогай ірландскай дабрачыннай арганізацыі у Дубровенскім інтэрнаце на Віцебшчыне вырашылі пабудаваць так званы “сацыяльны дом”. Ён абсталяваны усім, што мае быць у звычайным жылым памяшканні — мэбляй, посудам, бытавой тэхнікай.
Тут ёсць
нават печ, але не ў якасці сродка ацяплення, а ў якасці трэнажора. Наогул,
увесь дом — гэта вялізны і складаны трэнажор, дзе старшакласнікі будуць жыць па
чарзе.
Дырэктар
інтэрната Сяргей Ціцянкоў плануе выдаваць выхаванцам тыя грошы, якія выдаткоўваюцца
на іх утрыманне. Жыхары сацыяльнага дома павінны будуць самі размяркоўваць
сродкі на аплату жылля і камунальных паслуг, ежу ды іншыя патрэбы.
Паводле
спадара Ціцянкова, часам выпускнікі інтэрнатаў сутыкаюцца з сур’ёзнымі
праблемамі таму, што не ведаюць самых простых рэчаў. У аднапакаёвым
доме-трэнажоры выхаванцы будуць вучыцца самастойнаму жыццю, паведамляе наш карэспандэнт Ядвіга Сташэўская.