У Егіпце скралі 3000-гадовую статую сястры Тутанхамона (фота)
Статуя сястры фараона была выкрадзеная з музея ў Егіпце. Зараз скульптуру “Дачка фараона Эхнатона” абвясцілі ў міжнародны вышук.
Неацэнная статуя была скрадзеная падчас баявых сутыкненняў паміж паліцыяй і радыкальнымі ісламістамі ў горадзе Малаві яшчэ сёлета ўлетку. Аднак грамадскасці пра гэта стала вядома толькі зараз. Разам са статуяй зніклі яшчэ каля тысячы экспанатаў. Амаль шасцьсот з іх ужо знойдзеныя, але асабліва каштоўныя асобнікі зніклі бясследна.
Эксперты мяркуюць, што выкраданне было арганізавана па чыёсьці замове, і цяпер спадчына Старажытнага Егіпта распрадаецца на “чорным рынку”.
Сярод асабліва каштоўных зніклых экспанатаў музея таксама лічацца калекцыя залатых манет і статуя святой птушкі ібіс, паведамляе Mirror.
Дарэчы, такія ж злачынствы адбываліся падчас егіпецкай рэвалюцыі 2011 года. Пры беспарадках быў разрабаваны Егіпецкі нацыянальны музей у Каіры. Тады зніклі скарбы магільні Тутанхамона.