У Еўрасаюзе думаюць, як адмяніць роўмінг для беларусаў
Еўрасаюз разглядае магчымасць панізіць роўмінгавыя тарыфы для шасці краінаў Усходняга партнёрства: Беларусі, Грузіі, Арменіі, Азербайджана, Малдовы і Украіны. Гэтая ініцыятыва з'явілася пасля поўнай адмены роўмінгу паміж краінамі ЕС у чэрвені — зараз для еўрапейцаў сувязь у іншых краінах каштуе столькі ж, як і ў "хатняга аператара".
"Калі вы з грузінскім нумарам паедзеце ў Бельгію, дык не павінны там траціць на званкі больш, чым траціце ў Грузіі", — цытуе TUT.by Барыса Ярашэвіча, кіраўніка падраздзялення Еўрапейскай службы знешніх спраў, якая працуе з Усходнім партнёрствам, рэгіянальным супрацоўніцтвам і АБСЕ.
Адмена роўмінгавых плацяжоў для краінаў Усходняга партнёрства — гэта толькі праект. "Спатрэбіцца час, каб ажыццявіць яго, калі гэта ўвогуле адбудзецца", — адзначае чыноўнік.
Нават калі ўсё атрымаецца, роўмінг будзе адменены не раней за 2020 год.
Магчымыя і іншыя крокі. Напрыклад, гарманізацыя тарыфаў пры захаванні роўмінга ці ўзаемныя саступкі ў коштах на сувязь у межах шасці краінаў Усходняга партнёрства.
Дарэчы, Беларусь зараз рухаецца да адмены роўмінгу з Расіяй. Ідэю ўхвалілі Аляксандр Лукашэнка і спікер Савета федэрацыі РФ Валянціна Матвіенка. У Дзярждуму Расіі ў ліпені ўнесены адпаведны законапраект.