У Глыбокім на пікет салідарнасці з палітвязнямі прыгналі экскаватар
Акцыя прайшла 19 сакавіка каля Глыбоцкага раённага Дома культуры. Удзел у ёй прынялі сябры БНФ, БХД, аргкамітэту БСДП (Народная Грамада).
Улады акцыю дазволілі, але таксама падрыхтаваліся да яе. Ужо ў 9 гадзін раніцы быў закрыты праезд па вуліцы Камуністычнай, дзе знаходзіцца дазволенае месца для пікетавання. Быў прыгнаны экскаватар нібыта для рамонту дарогі, таксама іншая будаўнічая тэхніка. Яна адстаяла тут пяць гадзін, пасля заканчэння пікету яе не стала.
Пікетоўцаў чакаў у сваёй машыне начальнік ідэалагічнага аддзелу Глыбоцкага раёна Міхаіл Чарапкоўскі з юрысконсультам райвыканкама. Яны прысутнічалі да заканчэння акцыі. Пікетоўцы трымалі ў руках партрэты зняволеных кандыдатаў у прэзідэнты і прадстаўнікоў іх штабоў: Мікалая Статкевіча, Уладзіміра Някляева, Андрэя Саннікава, Дзмітрыя Уса, Паўла Севярынца, Змітра Дашкевіча, Ірыны Халіп, Змітра Бандарэнкі. Былі запаленыя свечкі ў знак салідарнасці з палітвязнямі.
Яраслаў Берніковіч раздаваў мінакам дыскі з песнямі на словы Някляева, якія людзі ахвотна бралі. Праўда, некаторыя, паглядзеўшы на ідэолага, браць іх баяліся.