У Гродне п'яны падлетак угнаў грузавік з прадпрыемства (відэа)
Здарэнне адбылося ў другой палове дня 12 траўня.
Як паведамляе БелаПАН, даішнікам паступіла паведамленне, што па вуліцы Нікалаева рухаецца грузавік, вадзіцель якога, магчыма, нецвярозы. Неўзабаве машыну спынілі. За рулём быў 17-гадовы гродзенец, які не мае правоў кіравання. Інспектары даставілі затрыманага на агляд. Ўтрыманне алкаголю ў выдыханым паветры склала 1,09 праміле.
Дакументы на аўтамабіль ў кіроўцы адсутнічалі. Пазней стала вядома, што грузавік ён угнаў з тэрыторыі аднаго з гродзенскіх прадпрыемстваў. Там малады чалавек падпрацоўваў з красавіка.
Выпіўшы на працоўным месцы, ён назваўся новым кіроўцам і ўзяў у вартаўніка ключы ад вялікагрузнага аўтамабіля. Юнак адправіўся катацца па горадзе. Па дарозе ён зачапіў "Сеат".
На парушальніка склалі шэсць пратаколаў. У тым ліку — за кіраванне аўтамабілем без правоў паўторна на працягу года. Выявілася, што ў снежні 2013 года яго ўжо прыцягвалі да адказнасці як бяспраўнага кіроўцу.
На парушальніка могуць пачаць крымінальную справу.