У Магілёве вынеслі прысуд жанчыне, якая выкінула з акна 9-месячную ўнучку
Магілёўскі абласны суд вынес вырак жанчыне, якая 31 студзеня выкінула сваю 9-месячную ўнучку з акна кватэры на пятым паверсе. 47-гадовую магіляўчанку асудзілі на 11 гадоў калоніі агульнага рэжыму, піша tut.by са словаў старшага пракурора аддзела пракуратуры Магілёўскай вобласці Аляксандра Раманава.
9-месячную дзяўчынку ў гурбе каля дома ўбачылі выпадковыя мінакі. Дзіця было апранутае толькі ў паўзункі і лёгкую кофтачку. Дзяўчынка праляцела каля 13 метраў і цудам выжыла: яна атрымала лёгкія цялесныя пашкоджанні і пераахаладжэнне, бо на вуліцы было каля -11 градусаў.
З абласной дзіцячай лякарні яе выпісалі даволі хутка. Цяпер дзяўчынка развіваецца без адхіленняў.
Высветлілася, з акна кватэры на пятым паверсе яе выкінула ўласная бабуля. 47-гадовая жанчына ў той момант была п'яная. Яна вынесла на гаўбец унучку на руках, кінула яе ўніз, а потым вярнулася ў пакой.
Экспертыза выявіла, што на момант здарэння абвінавачаная не пакутавала на псіхічныя засмучэнні. Гэта азначае, што яна цалкам усведамляла значэнне сваіх дзеянняў і кіравала імі.
На судзе абвінавачаная распавяла, што каля пяці гадоў таму пачала злоўжываць спіртным — пасля смерці мужа. Сваю схільнасць яна спрабавала схаваць ад родных, аднак яны ўсё ведалі і нават прасілі яе прайсці лячэнне.
Пасля інцыдэнту сваякі працягваюць добра ставіцца да жанчыны. Яе старэйшая дачка (цётка выкінутай дзяўчынкі) на судзе заявіла: "Яна самая лепшая маці, самая лепшая бабуля".
Абвінавачаная сваю віну прызнала цалкам. Яе прызналі вінаватай у замаху на забойства заведама малалетняй асобы, якая знаходзіцца ў бездапаможным стане, здзейсненае з асаблівай жорсткасцю.