У Мінабароны Беларусі не кажуць, што будзе далей з вагнераўцамі
Вагнеравец у Беларусі / прэс-служба Мінабароны
У Мінабароны Беларусі ніхто не ведае, што пасля смерці Яўгена Прыгожына рабіць з вагнераўцамі, якія атайбаваліся ў нашай краіне. Пра гэта сведчаць размовы, якія журналістка сайта "Зеркало" правяла з прадстаўнікамі ведамства.
Журналістка затэлефанавала пад выглядам жонкі аднаго з наймітаў, які знаходзіцца ў Беларусі і перастаў выходзіць на сувязь.
На нумары тэлефона даверу Мінабароны дзяжурны адказваць адмовіўся. Ён заявіў, што можа адказваць толькі на пытанні, якія датычаць парушэнняў, учыненых беларускімі вайскоўцамі.
У прэс-службе спярша адправілі на тэлефон даверу. Пачуўшы, што на тэлефоне даверу не даюць адказу, супрацоўнік сказаў: "Я вам, шчыра, магу толькі паспачуваць. Мы працуем толькі з прэсай, а не з фізічнымі асобамі".
На просьбу даць нумар тэлефона вайсковага чыноўніка, адказнага за вагнераўцаў прадстаўнік прэс-службы заявіў: "Я не магу вам даць нумар тэлефона чалавека, які за нешта адказвае, бо гэты чалавек відавочна з Мінабароны Расійскай Федэрацыі. У мяне няма такіх нумароў".
Журналістка звярнулоася ва ўпраўленне вайсковай адукацыі пад нагодай таго, што вагнераўцы навучалі беларускіх байцоў. Але і там ёй адказваць адмовіліся: "Вам ніхто не адкажа на гэтае пытанне. Гэта прыватная вайсковая кампанія, яна да рэгулярнай арміі ніякага дачынення не мае".
Такія ж адказы ёй далі ў Дэпартаменце міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва Мінабароны і ў Галоўным упраўленні ідэалагічнай работы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.