У Мінск упершыню прыедзе прэзідэнт ЕБРР

Прэзідэнт Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) Сума Чакрабарці наведае Мінск 17-18 лютага. Гэта будзе першы візіт кіраўніка арганізацыі ў Беларусь.

Як паведаміў БелаПАН старшы дарадца банка Антон Усаў, запланаваныя сустрэчы Сумы Чакрабарці з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, прэм’ер-міністрам Андрэем Кабяковым, міністрамі эканомікі і замежных спраў.

Паводле Усава, у часе візіту будуць абмяркоўвацца пытанні магчымага супрацоўніцтва Беларусі і ЕБРР. Апроч таго, Чакрабарці плануе наведаць завод па вытворчасці рухомага саставу кампаніі “Штадлер” у Фаніпалі — гэты праект рэалізуецца з удзелам ЕБРР.

Таксама запланаваныя сустрэчы з прадстаўнікамі няўрадавых арганізацый і дыпламатычнага корпуса.

Еўрапейскі банк рэканструкацыі і развіцця — міжнародная фінансавая арганізацыя, створаная для падтрымкі трансфармацыі эканомікі ў дзяржавах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. ЕБРР пачаў дзейнічаць у красавіку 1991 года. Беларусь з’яўляецца паўнавартасным сябрам ЕБРР з 1992 года. З 1994 года ў краіне адкрытае сталае прадстаўніцтва банка.

За час сваёй дзейнасці ў Беларусі банк удзельнічаў у рэалізацыі 66 праектаў. Сумарны аб’ём залучаных інвестыцый ацэньваецца ў 1 мільярд 502,4 мільёна еўра. Выдзеленыя рэсурсы накіроўваюцца на развіццё малога і сярэдняга бізнэсу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі