У Мінску адмянілі паказы фільмаў рэжысёра Аляксандра Сакурава

Аляксандр Сакураў

Аляксандр Сакураў / ТАСС

У Мінску адмянілі паказы фільмаў рэжысёра Аляксандра Сакурава. Пра гэта паведамляе Falcon Club. Сітуацыю там тлумачаць "тэхнічнымі прычынамі".

Паказы былі запланаваныя на 11-13 сакавіка. У іх павінны былі паўдзельнічаць сам Сакураў, а таксама рэжысёр Аляксандр Залатухін. Аляксандр Сакураў збіраўся прадставіць новы фільм "Казка" і фільм "Сонца" 2005 года, а яго вучань Залатухін — фільм "Хлопчык рускі".

"Медуза" нагадвае, што супраць паказу фільмаў Сакурава ў Беларусі выступілі прапагандысты. Сярод іх — Рыгор Азаронак і Вадзім Гігін. Азаронак называў рэжысёра "відавочным праціўнікам" вайны ва Украіне "і ўсяго, што з гэтым звязана". Цяпер жа ён ухваляе рашэнне аб адмене паказаў фільмаў. Радуецца і Гігін. Ён піша ў сваім тг-канале: "Яго прыезд карысці б не прынёс, а вось шкода была б вельмі магчымая. Сустрэча з ім стала б кропкай збору для тых, хто стаіўся, прыстасаваўся, чакае. Ніякага шанцу ім даваць нельга, нават сабрацца разам".

Прэм'ера фільма "Казка" адбылася ў жніўні 2023-га на кінафестывалі ў Лакарна. Яго галоўныя героі — Сталін, Гітлер, Мусаліні і Чэрчыль, якія сустракаюцца ў пекле. Міністэрства культуры Расіі адмовіла ў выдачы пракатнага пасведчання.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі