У Мінску асудзілі грамадзян Беларусі за шпіянаж на карысць Літвы
Беларускі вайсковы суд адправіў за краты А. Фензеляў і Я. Кочура на 10 і 8 гадоў адпаведна.
Прысуд быў вынесены 30 снежня. Беларускіх грамадзян асудзілі па артыкуле "здрада дзяржаве", інфармуе "Интерфакс-Запад".
Нагадаем, Фензеляў і Кочура супрацоўнікі КДБ затрымалі ў сакавіку 2012 года. Першы з іх — былы вайсковец, які пасля звальнення з беларускіх Узброеных сілаў у 2002-м выехаў на сталае месца жыхарства ў Літву. Паводле інфармацыі КДБ, ён атрымаў заданне ад літоўскай вайсковай выведкі стварыць на тэрыторыі Беларусі агентурную сетку. Нібыта, літоўскі бок цікавілі звесткі пра функцыянаванне Ваенна-паветраных сілаў і войскаў Супрацьпаветранай абароны.
Дзеля "прыкрыцця" сваёй місіі рэзідэнту прафінансавалі арганізацыю ў Беларусі "камерцыйнага праекта". Аднак наладжванню агентурнай сеткі і перадачы сакрэтнай інфармацыі ў Літву перашкодзілі беларускія спецслужбы.
Фота — bymedia.net