У Мінску міліцыянты палююць на хрысціянскую літаратуру

У Мінску міліцыянты ў цывільным 3 ліпеня ўварваліся ў офіс аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”. На той момант там знаходзіліся два чалавекі. Вось што распавёў “Еўрарадыё” адзін са сведкаў Дзяніс Садоўскі:

“Уварваліся супрацоўнікі міліцыі без формы, не паказалі ніякіх дакументаў. І з кватэры пачалі ўсё выносіць. Сказалі, каб я ішоў з імі”.

Садоўскі ісці адмовіўся, тады яго збілі і сілай запіхнулі ў машыну, прывезлі ў Фрунзенскае РУУС. Паводле словаў актывіста, міліцыянты забралі найперш паперы, газеты (сярод іх “Веснік”, які ўжо канфіскоўвалі ўчора на свяце ў Будславе), хрысціянскую літаратуру.

“Подпісы нейкім цудам не забралі”, — паведаміў “Еўрарадыё” Дзяніс Садоўскі, які зараз па-ранейшаму знаходзіцца ў пастарунку. Нагадаем, з красавіка грамадскія актывісты збіраюць подпісы за адмену дыскрымінацыйных пунктаў закону “Аб свабодзе веравызнанняў”, а таксама ў абарону мінскага касцёла св. Язэпа.

Калі пазней у офіс БХД прыйшлі Аляксей Шэін і Сяргей Луканін, міліцыянты сядзелі і гулялі ў карты на іх кампутары. Актывістаў хрысціянскага руху таксама затрымалі і даставілі ў Фрунзенскае РУУС. Яны даюць пісьмовыя тлумачэнні наконт таго, што рабілі ў кватэры.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі