У Мінску пачалі зносіць гандлёвыя шапікі

Размовы пра ліквідацыю кіёскаў ператвараюцца ў рэальнасць. Шапікі зніклі з вуліцы Варанянскага, з праспекту Машэрава і шэрагу іншых вуліцаў сталіцы.
Гаспадар кіёска па вуліцы Сурганава Сяргей Паплаўскі ўжо гатовы да таго, што ягоны шапік знясуць. Дату яму пакуль не сказалі. Але будзе гэта дакладна сёлета. Сяргей Паплаўскі: “Дату пакуль не называлі, аднак кажуць, што ў гэтым годзе. Прадаўцоў дваіх ніхто не працаўладкуе. І бухгалтара, які працуе на фірме, таксама ніхто не працаўладкуе”.

Састарэласць і неадпаведнасць эстэтычнаму ўзроўню – галоўная прычына, з-за якой шапікі пачынаюць зносіць. Цікава, што кіёскі “Белсаюздруку” ніхто зносіць не збіраецца. Таму яны мяняюць свой знешні выгляд. Сяргей Паплаўскі таксама не супраць мадэрнізаваць свой шапік. Аднак да яго прапановы пакуль не прыслухаліся.

Сяргей Паплаўскі: “Калі б нам прапанавалі паставіць новага ўзору так, як “Саюздруку”. Вось побач стаіць новенькі. Яму месяцы тры-чатыры. Нам не прапаноўваюць. Хаця ўсе ІПэшнікі гатовыя ставіць новыя, з уваходам, з нармальным прыпыначным навесам. Таму што гэты і маральна, і фізічна састарэў. Сказалі, што пакуль па горадзе не ўзгодненыя новага ўзору павільёны, ніхто згоды не дае”.

Некаторыя прадпрымальнікі ўсё ж такі на працягу некалькіх год неаднаразова мянялі знешні выгляд сваіх шапікаў і самі ўсталёўвалі прыпыначныя навесы, укладаючы ў гэта свае грошы. Аднак нават гэта не дапаможа ім захаваць шапікі. Кіёскі знясуць разам з навесамі. Гаворыць намеснік кіраўніка адміністрацыі Фрунзенскага раёна Андрэй Ясючэня:

“Калі гэта ўласнасць прадпрымальніка, ён мае права яго забраць. Калі ён забірае, ніхто не пратэстуе, проста горад ставіць на яго месца свой уласны навес ужо без кіёска”.

Начальніца аддзела архітэктуры і горадабудаўніцтва адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Алена Сухадулава кажа, што ў прадпрымальнікаў не атрымаецца пакінуць навес, нават калі б яны гэтага захацелі:

“Гэтыя навесы ўсё роўна зробленыя так, што яны мацаваліся на кіёскі. Таму яго ўсё адно трэба перараблівац, ці дадатковыя нейкія стойкі рабіць”.

У Фрунзенскім раёне, да прыкладу, збіраюцца знесці ўсе 94 шапікі. А ў Кастрычніцкім ужо нават графік зносу распрацаваны. Не ўратавацца й тым ЧУПам, што толькі месяц таму атрымалі ліцэнзію. Так, ля самой адміністрацыі Кастрычніцкага раёна стаіць шапік, уладальнік якога атрымаў ліцэнзію ўсяго 21 снежня 2007 года. Гаворыць Алена Сухадулава:

“А што, перарэгістрацыя неяк уплывае на рашэнні горада? Мы зацвердзілі графікі зносу і будзем ў гэтым годзе працаваць”.

Ужо некалькі год пры капітальным рамонце вуліц шапікі ў плане рэканструкцыі не значацца. Гаворыць Андрэй Ясючэня:

“Дзе ідзе капітальны рамонт вуліцаў, то там ужо па праекце ідуць замены кіёскаў на навесы без кіёскаў. І гэтыя працы вяліся і ў мінулым, і ў пазамінулым годзе”.

Акрамя таго, што пацерпяць самі прадпрымальнікі і гандляры, а таксама пакупнікі, страты панясе і дзяржава. Прадпрымальнік Сяргей Паплаўскі аддаваў у беларускі бюджэт немалыя падаткі:

“Каля чатырох мільёнаў у месяц. Гэта без падаткаў па заробках. Калі ўзяць яшчэ тое, што мы плацім па зарплаце, то гэта яшчэ 800 тысячаў. У выніку – пад пяць мільёнаў. І гэта не найлепшы месяц”.

У Мінгарвыканкаме выслухоўваюць прапановы прадпрымальнікаў. Аднак шапікі з вуліцаў сталіцы паступова працягваюць знікаць.


photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі