У Мінску пенсіянера-грамадзяніна ЗША затрымалі за марозіва
Ён прыносіў яго зборшчыкам подпісаў за Анатоля Лябедзьку.
У Мінску каля ГУМа ў сераду затрымалі вядомага беларускага музыку і пісьменніка Леаніда Зубарава. Як інфармуе сайт minskby.com, прычынай затрымання стала тое, што ён "падкормліваў" пікетоўцаў, якія збіраюць подпісы за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі.
Па словах пісьменніка, пасля таго, як ён прынёс зборшчыкам марозіва, да яго падышлі супрацоўнікі АМАПу. Яны абвінавацілі пісьменніка ў тым, што ён "лаяўся матам" і прапанавалі прайсці разам з імі. Калі Зубараў адмовіўся, яму заламалі рукі і адвезлі ў пастарунак.
Дакументаў у Леаніда Зубарава з сабой не было, але ён прапанаваў прачытаць пра яго ў Вікіпедыі. Пасля таго, як афіцэр ўбачыў фота пісьменніка і даведаўся аб наяўнасці грамадзянства ЗША, Леаніда Іосіфавіча адпусцілі.
Леанід Зубараў — беларускі пісьменнік, аўтар твораў для дзяцей і юнацтва на рускай, англійскай і беларускай мовах. Ён кіраваў аркестрам народнай музыкі і ВІА "Блукаючыя зоркі". З 1990-га жыве ў ЗША і Беларусі. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі, віцэ-прэзідэнт "Беларускага зямляцтва".
Еўрарадыё нядаўна выпадкова пачула і запісала размову двух міліцыянтаў. Мы падлічылі, што за адну хвіліну і пятнаццаць секунд слова на літару “б” прагучала 23 разы, іншыя варыяцыі мацюкоў — яшчэ 9 разоў. Калі падлічыць агульную колькасць сказаных словаў, то на 140 звычайных прыпадае 32 мацерных. То бок мат супрацоўнікі РАУС ужывалі праз кожныя 4-5 звычайных словаў.
Размова ў РАУС Мінскай вобласці: за 1,5 хвіліны 32 мацюкі
Фота: tut.by