У Польшчы адкрыўся цэнтр адукацыі і прамоцыі беларускай культуры
5 сакавіка за 40 кіламетраў ад беларуска-польскай мяжы "Саюз беларускай моладзі" ўрачыста адчыніў дзверы адрамантаванай сядзібы.
Праўда, пакуль што цалкам гатовы толькі першы паверх будынка. Па словах каардынатара стварэння цэнтра культуры ў Шчытах Ігара Лукашука, сябры "Саюза беларускай моладзі" не сталі чакаць поўнага завяршэння рамонту і ўжо ў бліжэйшы час возьмуцца за рэалізацыю культурніцкіх праектаў. Сярод якіх – пункт турыстычнай інфармацыі, цыкл нядзельных сустрэчаў для мясцовых жыхароў, тэатральная сцэна для школьнікаў ды самыя розныя выставы пра беларусаў Падляшша.
Цэнтр адукацыі і прамоцыі беларускай культуры знаходзіцца ў сценах закінутай вясковай школы. На адкрыцці прысутнічаў віцэмаршалак Падляшскага ваяводства Валенты Карыцкі.
Нагадаем, з’яўленне Цэнтра адукацыі і прамоцыі беларускай культуры стала магчымым дзякуючы датацыі ад Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы. Штогод яно выдаткоўвае 15 мільёнаў злотых на падтрымку дзейнасці нацыянальных меншасцяў. Апрача гэтага сябры "Саюзу беларускай моладзі" назбіралі каля 2000 злотых ахвяраванняў на развіццё Цэнтра.