У Скоках пад Брэстам адрамантуюць сядзібу Нямцэвічаў (фота)

Юльян Урсын Нямцэвiч - пiсьменьнiк, ад’ютант Тадэвуша Касьцюшкі, адзін з аўтараў першай Канстытуцыi ў Еўропе, нарадзiўся у Скоках. Родавы Скокаўскi палац — адзiны гiстарычны будынак такога кшталту ў ваколiцах Брэста. Памёр Юльян Нямцэвіч на выгнанні ў Парыжы, аднак 3 сакавіка сёлета ён сімвалічна вярнуўся дадому. У Брэсце адбылася прэзентацыя кнігі “Нямцэвічы: сапраўдная гісторыя”. У кнізе шмат адкрыццяў з гісторыі ня толькі роду, але і краіны. Аўтар Анатоль Гладышчук знайшоў у Францыі цалкам захаваны сямейны архіў Нямцэвічаў. 

Прафесар Гладышчук выкладае фізіку ў Брэсцкім тэхнічным універсітэце. Жыве ў вёсцы Скокі ля Брэста, непадалёку ад апошняй сядзібы Нямцэвічаў. Чалавек, схільны да гумару. Калі жонка папракае адсутнасцю дома, дык сп. Анатоль бароніцца пісьмом ад баварскай прынцэсы і допускам у закрыты архіў гэтай каралеўскай сям’і.

Анатоль Гладышчук: – Я напісаў гэтую кнігу, каб вярнуць Нямцэвіча на Радзіму.

Прэзентацыя вылучылася наведваннем – прыйшло да 300 чалавек – і непасрэднасцю атмасферы.

Дырэктарка Скокаўскай школы: – Хачу падзякаваць аўтару за тое, што праславіў нашу вёску, нашага слыннага земляка. У нас жа нічога асаблівага няма, ні аграгарадка, ні яшчэ чаго.

Знайшліся ў твора і крытыкі. Паэт, які пажадаў застацца неназваным: – Ёсць у кнізе неабавязковасці. Прыкладам, шмат пра І Сусветную вайну. А гэта магла б быць другая, асобная кніга. Мнагавата самога Гладышчука, ягоных фота, лепш было б больш Нямцэвіча. На выставе было генеалагічнае дрэва, а ў кнізе няма. Шкада.

Анатоль Гладышчук прызнаў: хоць кніга выйшла без купюраў, але не напісаў пра ўдзел Нямцэвіча ў паўстанцкім руху. Маўляў, гэта асобная тэма.

Нягледзечы на высокі кошт – 35 тыс. рублёў – кніжка добра раскуплялася. Чыноўнік аблвыканкама адзначыў: без падтрымкі ягонай структуры яна каштавала б усе 50. Ён жа паведаміў: сядзібу Нямцэвічаў у Скоках адрамантуюць. У палацы  будзе літаратурна-мастацкі музей. На рамонт ужо выдаткаваныя каля 1 млн. долараў. Работнікі Белрэстаўрацыі цалкам ачысцілі ад друзу сутарэнні пад замкам. Шкілета не знайшлі ніводнага, а вось стрэльбу адкапалі.

У парку валяць старыя трухлявыя дрэвы. Будуць стрыгчы і ўязную алею. 

На здымку ўгары: Палац Нямцэвічаў, від спераду. Экстэр'ер адноўлены паводле архіўных дакументаў, знойдзеных прафесарам Гладышчуком.



Від палаца ззаду.



Анатоль Гладышчук



Упарадкаванне парку



Уязная алея ў яе цяперашнім выглядзе.

Здымкі Паўла Грыня

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі