У сталовай медуніверсітэта кухары абкрадалі порцыі на 40%
Мінгандлю не знайшло ніводнай "бязгрэшнай" школьнай або студэнцкай сталовай.
У кастрычніку Мінгандлю праверыла 36 аб'ектаў грамадскага харчавання ва ўстановах адукацыі. Парушэнні былі знойдзеныя на кожным аб'екце, паведаміла прэс-служба міністэрства ў каментары агецтву "Інтэрфакс".
Па словах намесніка начальніка Гандальінспекцыі Мінгандлю Кірыла Слабко, пратэрмінаваныя прадукты або без дакументаў, якія пацвярджаюць іх якасць, былі выяўленыя ў 16 школьных і студэнцкіх сталовых Брэсцкай, Віцебскай, Гомельскай і Гродзенскай абласцей і Мінска.
У 9 сталоўках праверкі выявілі, што кухары абдзяляюць порцыі — ад 9% да 16%. А ў сталовай Беларускага дзяржаўнага медыцынскага універсітэта порцыі былі "ўрэзаныя" ажно на 40%.
Акрамя таго, у сталовых некалькіх школ Лельчыцкага і Гомельскага раёнаў выявіліся факты "эканоміі". Прадукты, якія па дакументах ўжо выкарыстаныя для харчавання дзяцей, заставаліся ў наяўнасці. Адпаведную інфармацыю праверкі накіравалі ў Гомельскі аблвыканкам.
Фота — stolovay.ru