У Віцебску на плошчу Леніна выйшлі са Сталіным ды Лукашэнкам (фота)

У цэнтры Віцебска дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі прадстаўнікі КПБ, Беларускай партыі аб’яднаных левых “Справядлівы свет” ды іншыя, для каго гэты 7 лістапада застаецца святам, адзначалі амаль падпольна Мітынг гарадскія ўлады не дазволілі, прычапіўшыся да фармальнасцяў. Маўляў, калі помнік Леніну знаходзіцца на тэрыторыі Кастрычніцкага раёну, так і заяўку на мітынг трэба было падаваць туды. Але далі вусны дазвол ускласці да помніка кветкі.

На афіцыйныя ўрачыстасці, як паведаміў кіраўнік абласной суполкі “Справядлівага свету” Мікалай Селівашка, іх таксама не запрасілі:

Мікалай Селівашка: "Нейкія афіцыйныя былі ўрачыстасці, нам спачатку сказалі: дамо вам квіткі запрашальныя, а потым вось загадчык ідэалагічнага аддзела Глуткін кажа: кіраўніцтва сказала не даваць вам квіткоў!"

Некалькі дзесяткаў пажылых людзей, многія з узнагародамі на пінжаках, сабраліся ля помніка з раніцы. Купка міліцыянтаў сачыла, каб ускладанне кветак не ператварылася  ў мітынг. Людзі таксама стараліся не перайсці гэтую мяжу. Сцягаў з сабой не ўзялі, але мелі партрэты Сталіна ды Лукашэнкі. Многія абураліся тым, што не могуць святкаваць так, як раней.

Спадар: "Вось падкрэсліваюць, што Беларусь – адзіная краіна, дзе захавалі дзяржаўнае свята кастрычніцкай рэвалюцыі, а заскарузлае чынавенства забараняе святкаваць! Я думаю, ці дажывём мы да таго часу, калі не чынавенства, а народ сам будзе вырашаць, што яму святкаваць?"

Іншыя радаваліся хаця б такой магчымасці адзначыць свята. Так, 70-гадовая Таццяна Васілеўская прыходзіць да помніка кожны год:

Таццяна Васілеўская: "Я па камсамольскай  пуцёўке вучылася на фабрыцы КІМ, ды працавала там у брыгадзе камуністычнай працы. А гэтае свята нельга забываць, бо мы вырасталі ў камсамольскія гады, працавалі для дзяржавы, падымалі яе ў холадзе ды голадзе, ай, ня важна!

Але кожны год мы святкавалі, ішлі з кветкамі, са сцягамі, ішлі у калонах па ўсяму гораду да помніка імя Леніна!"


У той жа час  па горадзе развесілі святочныя  расцяжкі ды віншавальныя плакаты. Але мінакоў яны не цікавілі. Гараджане больш прывабным палічылі традыцыйны суботні кірмаш, дзе прадаваліся мёд, жывая рыба, гародніна ды іншыя тавары.








Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі