У Віцебску пасля гібелі вайскоўца расследуюць крымінальную справу
У Віцебску пасля гібелі вайскоўца расследуюць крымінальную справу. Як інфармуе ў Telegram прэс-служба Следчага камітэта, яе распачалі ў дачыненні іншага вайскоўца тэрміновай службы. Артыкул — "парушэнне правілаў кіравання або эксплуатацыі машын". Яму 19 гадоў. 22 красавіка, знаходзячыся ў кабіне МАЗа, ён не ўпэўніўся, што рычаг каробкі перадач знаходзіцца ў нейтральным становішчы, і запусціў рухавік. Машына пачала рух наперад і сутыкнулася з іншым аўтамабілем, які ў выніку наехаў на салдата Віктара Калачынскага. Яго прыціснула да прычэпа. У цяжкім стане хлопца шпіталізавалі ў Віцебскую лякарню хуткай дапамогі, але выратаваць жыццё не ўдалося — 23 красавіка ён памёр. Міністэрства абароны выказвае спачуванне родным і блізкім вайскоўца.
СК інфармуе, што следча-аператыўная група агледзела месца здарэння. Прызначаныя экспертызы, у тым ліку і аўтатэхнічныя.