Украінскі парламент гатовы адпусціць Цімашэнка за мяжу
Старшыня Вярхоўнай Рады Уладзімір Рыбак лічыць магчымым прыняць адпаведны закон.
“Надышоў час — мы ў парламенце павінны, відаць, разгледзець пытанне, што рабіць з асуджанымі, якія цяжка хварэюць, і ўнутры краіны гэта не вылечыцца”, — сказаў спікер у інтэрв’ю тэлеканалу “Рада” 11 кастрычніка.
Уладзімір Рыбак нагадаў, што вядуцца размовы аб накіраванні экс-прэм’ера Украіны Юліі Цімашэнка на лекаванне за мяжу. Цяпер яна знаходзіцца ў калоніі.
“Бадай што, і можна было б такі закон падрыхтаваць. Гэта, у першую чаргу, павінна зрабіць апазіцыя, я мяркую, і большасць”, — адзначыў спікер.
У той жа час, нагадаў ён, у гэтай сітуацыі ўзнікае шмат пытанняў, бо “пакаранне ёсць пакаранне”, яго трэба адбываць, інфармуе ВВС.