Украінскія байцы пакінулі руіны Данецкага аэрапорта

Кіраўніцтва Украіны прыняло рашэнне аб спыненні абароны Данецкага аэрапорта. Ён цалкам пераўтварыўся ў руіны, там не засталося будынкаў, якія маглі б быць апорнымі пунктамі для "кібаргаў" (менавіта так называюць украінскіх абаронцаў аэрапорта).

Як піша ў Facebook галоўны рэдактар сайта censor.net Юрый Бутусаў, абарона Данецкага аэрапорта працягвалася 242 дня — з 26 траўня 2014-га, калі ўкраінскі спецназ эфектна вызваліў яго ад баевікоў. Апошнія тады панеслі вялікія страты, загінулі дзясяткі расіян, у тым ліку афіцэры расійскіх спецслужб.

"Новы і стары тэрмінал, вежа кіравання, усё, што магло быць апорным пунктам абароны, цалкам знішчана. Аэрапорт прастрэльваецца прамой наводкай, але з руін будынка новага тэрмінала апошнія абаронцы, якія выжылі, сышлі толькі сёння", — піша Бутусаў.

Ён заклікае ўшанаваць памяць герояў, якія працяглы час абаранялі аэрапорт ад прарасійскіх баевікоў "у такіх абсалютна нявыгадных і цяжкіх умовах".

Нагадаем, Данецкі аэрапорт стаў сімвалам мужнасці ўкраінскіх вайскоўцаў. На ратацыі там пабывалі сотні байцоў — добраахвотнікаў, спецназаўцаў і дэсантнікаў. На працягу месяцаў яны адбівалі атакі баевікоў і, як сцвярджаецца ўкраінскім бокам, цэлых падраздзяленняў расійскай арміі, нанеслі ім адчувальныя страты.

Фота: АР

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі