Украінскія памежнікі адбіваюць атакі з тэрыторыі дзвюх дзяржаваў
У чацвер баі ідуць на пункце пропуску "Марыніўка" на ўкраінска-расійскай мяжы.
Украінскіх памежнікаў атакавалі адразу дзве ўзброеныя банды тэрарыстаў: адна з тэрыторыі Украіны, іншая — з боку Расіі. Пра гэта паведаміў кіраўнік Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Мікола Літвін. Паводле яго слоў, памежнікі вядуць "жорсткі бой з тэрарыстамі". Ён працягваецца больш за тры гадзіны.
УНН інфармуе, што ўкраінскіх памежнікаў падтрымала авіяцыя, якая двойчы наносіла ўдары па пазіцыях нападнікаў. Сярод тэрарыстаў ёсць страты, якія дакладна пакуль невядомыя. У памежнікаў трое чалавек параненыя.
Тым часам расійскія СМІ паведамляюць, што "народнае апалчэнне" Славянска збіла ў чацвер чацвёрты верталёт украінскага войска за апошнія тры дні. Баевікі заяўляюць, што ў іх "вельмі высокі дух" і яны "будуць утрымліваць горад". Нагадаем, украінскія сілавікі трымаюць Славянск у аблозе і "зачышчаюць" ад незаконных узброеных фармаванняў суседнія населеныя пункты.
Фота — АР