Уладальнік памяшкання — пра “ЦЭХ”: Гэта мірнае расставанне, а не высяленне
Аляксандр Астрашэўскі, якому належыць памяшканне, дзе размясціўся “ЦЭХ”, распавёў, чаму вырашыў скасаваць арэнду з вядомай у Мінску культурнай прасторай. Паводле яго слоў, дамовы аб арэндзе не было ўвогуле, а ўсё ўзаемадзеянне адбывалася па дамове аб супрацоўніцтве. Аднак паказаць гэты дакумент або распавесці, што ў ім прапісана і якія абавязкі ўскладаліся на “ЦЭХ”, Астрашэўскі катэгарычна адмовіўся. Высяленне ж “ЦЭХа” ён называе "мірным расставаннем":
"Гэтае пытанне тычацца асабіста толькі мяне і кіраўніцы “ЦЭХа” Юлі Дарашкевіч. Гэта не тычацца нейкіх творчых рознагалоссяў. Мне падабалася, што рабіў “ЦЭХ”, у мяне канфлікт асабіста з Дарашкевіч. Я лічу яе фінансава несумленным чалавекам. Яна не выконвае фінансавыя ўмовы і абяцанні".
Сама Юлія Дарашкевіч лічыць, што такая заява — гэта спроба яе дыскрэдытаваць:
"Арэндадаўца катэгарычна адмовіўся назваць якія-небудзь прычыны нашага высялення і ў дастаткова жорсткай форме сказаў, што мы павінны як мага хутчэй выехаць. Калі мы спрабавалі разабрацца, ён мне пагражаў, што "я скажу, што справа ў грошах". Плацілі мы па стаўках, вышэйшых за сярэднія па Мінску, фінансава ён з нас выцягнуў практычна ўсё. Калі б у яго сапраўды былі прэтэнзіі наконт грошай, ён бы даўно разарваў з намі дамову".
На Кастрычніцкую, 16 (другі паверх бара “Хуліган”) “ЦЭХ” пераехаў 2,5 года таму — пасля таго, як установу (таксама са скандалам) вымусілі пакінуць памяшканне на праспекце Незалежнасці. За гэты час у культурнай прасторы прайшлі дзясяткі выстаў, фестываляў, сотні лекцый, прэзентацый.
Па словах Дарашкевіч, нягледзячы на тое, што па дамове іх павінны былі папярэдзіць аб скасаванні за 30 дзён, гэтага не адбылося.
"Нас планавалі выселіць яшчэ 1 лістапада, проста хацелі павесіць замок на дзверы, але ў нас аплачана да 9 лістапада, і мне ўдалося адстаяць наша знаходжанне, — працягвае Дарашкевіч. — Мы займаліся дабрачыннасцю і дапамагалі многім ініцыятывам, значным для грамадства. Сімвалічна, што рашэнне пра высяленне было прынятае падчас выставы аб цэнзуры і самацэнзуры ў мастацтве".