Улады абнародавалі дэталі "справы Статкевіча, Ціханоўскага, Севярынца"
Улады апублікавалі ў газеце "СБ. Беларусь сегодня" падрабязнасці крымінальнай справы, па якой праходзяць Мікалай Статкевіч, Павел Севярынец, Яўген Афнагель, Сяргей Ціханоўскі ды іншыя. Расказаў іх прадстаўнік Следчага камітэта Аляксандр Агафонаў.
Паводле яго, цэнтральнай фігурай з'яўляецца Мікалай Статкевіч, які прыцягнуў да сваёй дзейнасці Ціханоўскага, Севярынца і Афнагеля.
Падрыхтоўка да выбараў 2020-га года, сцвярджаюць у СК, пачалася з таго, што ў сакавіку 2019-га Ціханоўскі стварыў свой праект "Краіна для жыцця". А потым да яго далучыліся вядомыя апазіцыйныя палітыкі. "Пачынаючы з кастрычніка 2019-га Статкевіч, Ціханоўскі і Севярынец праз інтэрнэт-рэсурсы распаўсюджваюць публічныя заклікі для падрыхтоўкі да радыкальных дзеянняў", — піша "СБ". Варта нагадаць, што Севярынец з канца 2019-га актыўна ўдзельнічаў у апазіцыйных праймерыз па вылучэнні адзінага кандыдата ў прэзідэнты.
Потым, нібыта, з'явілся ідэя зрабіць Севярынца "кандыдатам-спойлерам": "Задача — вылучыць сваю кандыдатуру на выбарах прэзідэнта 2020 года, дэманстратыўна зняцца і заклікаць людзей "на плошчу".
Але, кажуць следчыя, людзі не хацелі пратэставаць, таму Статкевіч даручыў Севярынцу і Афнагелю рыхтаваць вулічныя выступы. Роля кандыдата, маўляў, была аддадзеная іншаму чалавеку. "На ролю псеўдалідара выводзяць Ціханоўскага, а потым яго жонку — кандыдата-марыянетку Ціханоўскую. Вакол якой і адбываецца групаванне прадстаўнікоў розных апазіцыйных і радыкальных аб'яднанняў".
Асноўным сродкам агітацыі "СБ" называе "телеграм-каналы, якія кіруюцца з-за мяжы". Праўда, у гэтай карціне свету знайшлося месца і Youtube-блогерам кшталту аршанца Дзмітрыя Казлова.
"Напрыклад, Казлоў з'яўляўся членам ініцыятыўнай групы грамадзян па вылучэнні Святланы Ціханоўскай кандыдатам у прэзідэнты. Ён для фарміравання ў прыцягваемых асоб устойлівых псіхалагічных уласцівасцяў і установак, наладжваючы людзей на пратэст, у ютуб-канале "Шэры кот" рабіў і публікаваў патрэбныя відэаролікі, якія беспадстаўна дыскрэдытуюць уладу і заклікаюць рыхтавацца да супраціву сілавікам. Яшчэ Казлоў пачынаючы з лістапада 2019-га ўдзельнічаў больш чым у шасці незаконных акцыях на Кастрычніцкай плошчы і ля мінскага Камароўскага рынку. Вёў актыўную агітацыю, з усіх сіл "хістаў рэжым". Ужо тады для яго і С. Ціханоўскага галоўным ворагам прызначаўся сілавы блок, у прыватнасці АМАП", — працягвае афіцыйзная газета "выкрываць" блогера.
Дарэчы, вялікая частка згаданых у тэксце людзей была затрыманая за пару месяцаў да выбараў (Ціханоўскі напрыканцы траўня, Статкевіч і Севярынец — на пачатку чэрвеня). Апошні "ўдзельнік групы" Максім Вінярскі быў затрыманы ў студзені 2021-га.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.