Уладзімір Ігнацік выйшаў у 1/4 фіналу тэніснага турніру ў Чжухане
На тэнісным турніры ў кітайскім Чжухане беларус Уладзімір Ігнацік выйшаў у чвэрцьфінал, перадае БЕЛТА. Прызавы фонд турніру складае 60 тысяч долараў.
8 сакавіка ў 1/8 фіналу Ігнацік (163-е месца ў сусветным рэйтынгу) абыграў італьянскага тэнісіста Ларэнца Санега (311) — 6:4, 6:4. За выхад у паўфінал наш суайчыннік пазмагаецца з італьянцам Лукой Ванні (139).
У парным разрадзе Ігнацік разам з італьянцам Стэфана Напалітана прабіліся ў чвэрцьфінал пасля перамогі над нямецкай парай Гера Крэтчмер / Александэр Сатчко — 6:4, 7:6 (7:2).
Менш пашанцавала жаночай прадстаўніцы Беларусі на гэтым турніры. Арына Сабаленка (142) у першым раўндзе прайграла кітаянцы Чжэн Сайсай (103) — 5:7, 3:6.