Уладзімір Макей наведаў Ірак
Беларуская дэлегацыя на чале з міністрам замежных справаў наведала гэту краіну 23-24 жніўня.
Гэта першы з 2003 года візіт беларускай дэлегацыі такога ўзроўню ў Ірак, інфармуе БелаПАН са спасылкай на прэс-службу беларускага МЗС.
У склад дэлегацыі ўвайшлі прадстаўнікі кіраўніцтва Міністэрства прамысловасці, канцэрну “Белнафтахім” і супрацоўнікі знешнепалітычнага ведамства.
24 жніўня Макея прыняў прэзідэнт Ірака Мухамед Фуад Масуд. “Прэзідэнт Ірака ацаніў візіт кіраўніка беларускага знешнепалітычнага ведамства як сігнал падтрымкі іракскага кіраўніцтва ў барацьбе з экстрэмістамі”, — адзначаецца ў паведамленні МЗС.
Уладзімір Макей асудзіў дзеянні тэрарыстычных груп, якія прывялі да маштабных ахвяраў сярод іракскага насельніцтва і пацвердзіў “настроенасць Беларусі на пашырэнне партнёрства з Іракам па ўсіх кірунках”.
Міністр замежных справаў таксама сустрэўся з іншымі прадстаўнікамі кіраўніцтва краіны і абмеркаваў шляхі нарошчвання эканамічнага супрацоўніцтва паміж Іракам і Беларуссю. Напярэдадні, 23 жніўня, Макей сустрэўся з намеснікам прэм’ер-міністра ў пытаннях энергетыкі і нафты Хусейнам аль-Шахрыстані. Бакі абмеркавалі магчымасці нарошчвання паставак беларускай тэхнікі на іракскі рынак, рэалізацыі сумесных праектаў у розных галінах, усталявання больш цесных кантактаў паміж прадстаўнікамі дзелавых колаў дзвюх краін.