Уладзімір Някляеў распавёў пра "шкляное вока" БТ

У пятніцу, 3 снежня, лідэр кампаніі “Гавары праўду!” Уладзімір Някляеў сваім выступам завяршаў этап тэлепрамоваў кандыдатаў у прэзідэнты ў жывым эфіры. Падрыхтоўцы да выступу ён прысвяціў цэлы дзень і нават на флэш-моб да Цэнтрвыбаркама, які ладзілі актывісты яго кампаніі, не прыйшоў. Але маральна падтрымаў вечарам тых, хто ў якасці працягу дзённай акцыі прыйшлі да будынку Белдзяжтэлерадыёкампаніі з патрабаваннем выдзяліць кандыдатам дадатковы эфірны час.


Ганаровай сустрэчы кандыдата ў холе тэлебачання не было. Але сам Някляеў на гэта не зважаў. Было ўражанне, што ён пра сябе прамаўляе тое, што будзе казаць з экрана. Праўда, рыхтуючыся да выступу, прызнаўся карэспандэнту Еўрарадыё, што не адчувае ніякага хвалявання і не баіцца камеры.


Уладзімір Някляеў: “Камера кардынальна адрозніваецца ад жывога чалавека тым, што ў яе шкляное вока. І чамусці людзей гэта вельмі бянтэжыць. Асабліва без звычкі. Я заўважыў, што многім нават калі стаяць сотні людзей дык неяк прасцей, чым глядзець у гэтае вока. Але ж у мяне ёсць вопыт — на тэлебачанні я ж працаваў, вёў праграмы. Так што, неяк з ёй зжыўся быў”.

А ўзгадаўшы працу на БТ, адзначыў, што не адчуў ніякай настальгіі, патрапіўшы праз столькі год у знаёмыя калідоры. 


Уладзімір Някляеў: 
“Наогул, тэлебачанне такая штуковіна: рыхтуеш праграму і ты сам і аўтар, і рэжысёр. Проста — і грэц, і жнец. Усе бегаюць і ты бегаеш. І такое адчуванне, што ты робіш нешта такое важнае ў гэтым жыцці. А пасля гэты эфір прайшоў і — пустата. Асабліва, у нас тады былі як зараз — жывыя, без запісу перадачы. І я зразумеў, што напісанае застаецца. Адна з прычын, чыго я пайшоў з тэлебачання — адчуванне пустаты”.

Дарэчы, закрануўшы пытанне ўзаемаадносінаў з Расіяй, Някляеў прадказаў, што незалежна ад таго, наколькі “элегантна” Лукашэнка выйграе выбары, Крэмль будзе яго “змяняць”.


Уладзімір Някляеў: “Закончацца выбары. Расія не будзе адразу прызнаваць іх ці не прызнаваць — такая будзе пралангацыя. Падвісне Аляксандр Рыгоравіч у сэнсе палітычным. Яна (Расія — Еўрарадыё) будзе чакаць рэакцыі Еўрасаюза. А пасля больш надзейным спосабам, чым стаўка на нейкага кандыдата — Някляева ці Саннікава, пра каго сёння кажуць. Я думаю, што будзе ўсё інакш. Ёсць надзейныя спосабы вырашыць праблему Лукашэнкі, якую яны ў любым выпадку будуць вырашаць”. 

І спосабы гэта, па Някляеву, эканамічныя. Расія проста адмовіцца набываць нашыя тавары. Кажа, ведае, што там ужо банкі не даюць крэдыты на набыццё беларускіх камбайнаў і трактароў. 

Людзі пыталіся пра тое, ці аддасць прэзідэнт Някляеў “зямлю — калгаснікам, а заводы — працоўным”, што будзе рабіць, калі прайграе выбары, як будзе адраджаць беларускую мову і культуру. А мужчына сталага веку прапанаваў Някляеву “скласці разам” галасы за дэмакратычных кандыдатаў і такім чынам забяспечыць выбарам другі тур. Не менш арыгінальным было пытанне дзяўчыны-псіхолага.

Дзяўчына-псіхолаг: “У мяне пытанне да вас псіхолага: назавіце, толькі шчыра, тры сваіх станоўчых якасці і тры — адмоўных”.

Уладзімір Някляеў:
 “Тры сваіх станоўчых якасці я ўжо называў — прыстойнасць, здаровы сэнс і павага да людзей. А адмоўныя мае якасці ў тым, што ў мяне часам узнікаюць сумневы ў тым, што гэтыя тры маіх якасці насамрэч станоўчыя”.

Ня гледзячы на гэта прызнаўся, што шчыра верыць у магчымасць перамогі, калі не падчас галасавання, то па плошчы. І паабяцаў, што больш, чым на адзін тэрмін у прэзідэнтах не затрымаецца.

Дарэчы, у зале прысутнічаў і старшыня Першамайскай раённай выбарчай камісіі Вячаслаў Кузняцоў. Адзін з прысутных пазнаў яго і замест пытання Някляеву звернуўся да старшыні з просьбай не займацца фальсіфікацыямі. Інакш паабяцаў, што ён стане ворагам усім сумленным людзям. У зале гэтаму выступоўцу пляскалі не горш, чым кандыдату ў прэзідэнты.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі