Ума Турман таксама абвінаваціла Вайнштэйна ў сэксуальных дамаганнях
Галівудская акторка Ума Турман заявіла, што таксама стала ахвярай сэксуальных дамаганняў з боку прадусара Харві Вайнштэйна. Пра гэта яна распавяла ў інтэрв’ю New York Times.
Раней Турман выказвала сваё стаўленне да скандалу вакол Вайнштэйна. “Мне падабаецца, што ўсё ідзе так марудна — ты не заслугоўваеш кулі”, — напісала яна яшчэ ў лістападзе мінулага года.
Цяпер Ума Турман сцвярджае, што Вайнштэйн запрасіў яе ў нумар у лонданскім гатэлі ў 1990-я гады, дзе штурхануў у ложак і “паспрабаваў распрануцца”.
47-гадовая Турман заявіла, што ў 16 гадоў, у пачатку кар’еры, яе змусіў да сэксу неназваны актор, які быў на 20 гадоў старэйшы за яе.
Вайнштэйн прызнаецца ў нялоўкай спробе заляцанняў да Турман 25 гадоў таму ў Англіі, пасля “няправільнага разумення яе сігналаў”. Прадстаўнік прадусара кажа, што ён шкадуе пра гэта і раней прынёс свае прабачэнні. Аднак заявы аб фізічным гвалце “не адпавядаюць рэчаіснасці”.
Турман таксама падрабязна распавяла пра часовы разрыў у стасунках з рэжысёрам Квенцінам Таранціна, які ў супрацоўніцтве з Вайнштэйнам працаваў над “Крымінальным чытвом” і “Забіць Біла”. Паводле акторкі, яна пасварылася з Таранціна праз аварыю на здымках “Забіць Біла”. Падчас здымак сцэны ў кабрыялеце яна настойвала на каскадзёры, але рэжысёр прымусіў яе сесці за руль. У выніку Турман атрымала траўмы і пагражала судом студыі Вайнштэйна, аднак ёй цягам 15 гадоў не давалі доступу да кадраў здымак аварыі, перадае ВВС.