Урад Канады назваў "Начных ваўкоў" "бандай байкераў"

Канада апублікавала пашыраны спіс расійскіх фізічных і юрыдычных асоб, на якіх накладзеныя візавыя абмежаванні і эканамічныя санкцыі. Прэм'ер-міністр гэтай краіны Стывен Харпер патлумачыў, што пашырэнне санкцыйнага спісу звязана з сітуацыяй ва Украіне, інфармуе ВВС.

Візавыя абмежаванні накладзеныя на дзеячаў "Еўразійскага саюза моладзі" Аляксандра Дугіна, Паўла Канішчава і Андрэя Каваленку. У чорным спісе таксама "Еўразійскі саюз моладзі", інвестыцыйная кампанія Marshall Capital Fund, клуб матацыклістаў "Начныя ваўкі", які ў афіцыйным дакуменце канадскага ўрада называецца "бандай байкераў".

У спіс трапілі арганізацыі і прадпрыемствы абароннага і энергетычнага сектараў Расіі — "Аб'яднаная авіябудаўнічая карпарацыя", "Тульскі зброевы завод", "Абаронпрам", асацыяцыя "Станкіінструмент". Пад санкцыі Канады патрапілі кампаніі "Газпрам", "Газпрамнафта", "Сургутнафтагаз" і "Транснафта".

Канада забараніла гандаль з Крымам, які летась быў акупаваны Расіяй. Уведзеныя забароны на інвестыцыі, фінансавыя паслугі, перадачу дадзеных і заходы круізных лайнераў у крымскія порты.

У заяве канадскага прэм'ера адзначаецца, што "рэжым прэзідэнта Пуціна" будзе адчуваць уздзеянне санкцыяў да таго часу, пакуль "акупацыйныя войскі не будуць выведзеныя і пакуль не будзе адноўленая тэрытарыяльная цэласнасць Украіны".


Фота: Getty Images

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі