З 27 ліпеня ўзраслі штрафы для кіроўцаў

Гэта прадугледжана законам “Аб унясенні зменаў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь у пытаннях захавання бяспекі дарожнага руху”. Закон набыў моц сёння, 27 ліпеня, інфармуе БЕЛТА. Таксама ў дакуменце замацаваная адказнасць уладальнікаў транспартных сродкаў за парушэнне правіл прыпынку і стаянкі на падставе фота- і відэаздымкі, відэазапісу правапарушэння.

Згодна з законам, аўтаўладальніку, які своечасова не прайшоў дзяржтэхагляд, пагражае штраф да 1-3 базавых велічынь (цяпер базавая велічыня складае 150 тысяч рублёў). У выпадку паўторнага цягам году аналагічнага парушэння памер штрафу складзе ўжо 2-5 базавых велічынь.

За парушэнне правіл паркоўкі ці неправамоцную паркоўку на месцы для інвалідаў, зафіксаваныя камерамі, уладальніку легкавіка давядзецца заплаціць 1 БВ, вялікагрузнай тэхнікі — 3 БВ.

Таксама змяніліся штрафы за перавышэнне хуткасці, зафіксаванае аўтаматычнымі спецсродкамі: на 10-20 к/гдз — 0,5 БВ, на 20-30 км/гдз — 2, на 30-40 км/гдз — 4, болей за 40 км/гдз — 6 базавых велічынь. За паўторнае парушэнне штрафуюць на 2-5 базавых велічынь.

За невыкананне патрабавання супрацоўніка міліцыі аб спыненні транспартнага сродку — штраф ад 2 да 8 базавых велічынь, невыкананне гэтых патрабаванняў неаднаразова — 3-10 БВ або пазбаўленне правоў на 6 месяцаў. За пагоню цяпер давядзецца заплаціць 5-20 БВ, таксама магчымае пазбаўленне правоў на два гады.

У адпаведнасці з дакументам, прынцып “паўторнасці” да парушэнняў, зафіксаваных камерамі, прымяняцца не будзе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі